35 палітвязняў-замежнікаў і суд над маці-гераіняй. Навіны рэпрэсіяў за 4 красавіка


«Белсат» працягвае адсочваць навіны рэпрэсіяў у дачыненні да беларусаў, якія выступаюць супраць фальсіфікацыяў, узурпацыі ўлады, дыктатуры, гвалту і вайны.

Удзельнікі «Агульнаграмадзянскага маршу за Свабоду». 16 жніўня, 2020 г. Mенск, Беларусь.
Фота: Света Фар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

У Беларусі праваабаронцаммі яшчэ 13 асобаў прызнаныя палітвязнямі. Гэта Дзіяна Кішкарэнка, Анастасія Юманава, Вольга Патрусаева, Дзмітрый Кучук, Міхаіл Петраш, Юрый Хаванскі, Піліп Сцёпін, Яўген Цыбулька, Вячаслаў Баравік, Дзмітрый Шчамер, Андрэй Анпілогаў. Колькасць людзей з такім статусам у краіне складае цяпер 1400 асобаў.

І гэта пры тым, што паводле «Вясны», у сакавіку на волю выйшлі мінімум 32 чалавекі, якія цалкам адбылі свае тэрміны. Яшчэ 8 чалавекі былі асуджаныя да «хатняй хіміі» і вызваленыя з СІЗА.

Сярод цяперашніх палітвязняў ёсць 20 грамадзянаў Украіны, сем – Расеі, трое – Польшчы, па двое – Латвіі і Узбекістану і адзін грамадзянін Казахстану.

У Ветцы была затрыманая шматдзетная маці Ганна Маналтаева. 2 красавіка ў судзе Веткаўскага раёну суддзя Вольга Сычова разглядала супраць яе адміністрацыйную справу паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Вынік суда высвятляецца. У 2023 годзе Маналтаева была ўзнагароджаная Ордэнам Маці.

За ўдзел у пратэстах затрыманы жыхар Берасця Яўген Мельнічук. Сілавікі змусілі прызнацца яго з тым, што ён падчас акцыі «махаў рукой» натоўпу, кажучы «атачайце АМАП», і кідаў камяні.

У Гомлі на 15 содняў арыштавалі Андрэя Варуева – начальніка трэцяга аддзелу землеўпарадкавання праектнага інстытуту «Гомельгіпразем». Яму судзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

У судзе Пінску і Пінскага раёну з 28 сакавіка судзяць Сяргея Кулеша. Яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 293 («Масавыя беспарадкі») Крымінальнага кодэксу. Справу разглядае суддзя Яўгенія Мельнік. Раней у межах пінскай справы асудзілі ўжо амаль тры дзясяткі асобаў.

3 красавіка ў Івацэвічах адбыўся суд па замене палітвязню Аляксандру Цялегу рэжыму ўтрымання, па выніках якога яго могуць перавесці ў турму. Справу разглядаў суддзя Сяргей Кухацкавалец, але вынік суда пакуль невядомы. Нагадаем, 21 студзеня 2022 года Цялегу асудзілі да чатырох гадоў калоніі за каментары ў інтэрнэце.

Радыё «Свабода» са сваіх крыніцаў атрымала трошкі інфармацыі наконт здароўя адной з лідарак пратэстаў 2020 года Марыі Калеснікавай і ўмоваў, у якіх яе трымаюць. Апошні ліст ад яе родныя атрымалі 15 лютага 2023 года. Паводле крыніц выдання, Калеснікаву не водзяць на працу, яна ізаляваная ў адзіночнай камеры, у зняволенай узмацняюцца праблемы са здароўем.

Таксама сталася вядома, што 25 сакавіка правялі аперацыю палітвязню Рыгору Кастусёву. Адразу з аперацыйнага стала былога старшыню зліквідаванай уладамі Партыі БНФ адправілі ў камеру.

А былы палітвязень распавёў падрабязнасці затрымання палітвязня Дзяніса Воразава, якога затрымалі ў верасні 2022 года пасля вывешвання ў Менску на фасадзе шматпавярховіка вялікага беларускага нацыянальнага і ўкраінскага сцягоў у знак салідарнасці з Украінай. Мужчыну асудзілі на 5 гадоў калоніі. Яго збіваў асабіста міністр унутраных справаў Іван Кубракоў.

Разбор
Час «гнілога лібералізму» надышоў? Або навошта прапаганда здымае «відосікі» з палітвязнямі
2024.04.04 11:55

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў