Ва Украіне затрымалі 81-гадовага «агента», які спрабаваў уцячы ў Беларусь


Украінскія памежнікі каля беларускай мяжы затрымалі «агента Расеі», паведамляе Дзяржаўная памежная служба Украіны. Пры ім знайшлі інфармацыю і воінскіх часцях ЗСУ.

Затрыманы расейскі «агент» на ўкраінска-беларускай мяжы.
Фота: Державна прикордонна служба України / Facebook

Пры сабе ў мужчыны не было дакументаў, затое былі планшэт і блакнот з інфармацыяй аб воінскіх часцях ЗСУ і 4 тысячы еўра. Пазней высветлілася, што мужчына фігуруе ў крымінальных вытворчасцях супраць асноў нацыянальнай бяспекі Украіны

Таксама ў ДПСУ паведамілі, што мужчына «збіраў інфармацыю для ворага, пасля чаго меў намер паехаць у Беларусь».

Вядома, што гэта 81-гадовы жыхар Жытоміра. Выданне «Рупор Житомира» паведамляе, што пенсіянера затрымалі 1 красавіка, але падазрэнні ў дзяржздрадзе яму прад’явілі яшчэ раней. У канцы сакавіка яго адпусцілі пад залог, аднак 3 красавіка, пасля затрымання каля беларускай мяжы, зноў узялі пад варту.

Па інфармацыі выдання мужчына супрацоўнічаў з разведкай ПВК Вагнера пад канспіратыўным пазыўным Снарам. Ён высочваў месцы дыслакацыі падраздзяленняў украінскіх вайскоўцаў, размяшчэнне тэхнікі ЗСУ і важных ваенных абʼектаў у абласным цэнтры, адзначаў іх на карце, фатаграфаваў і перадаваў інфармацыю ў Расею.

Супраць затрыманага распачата крымінальная справа па ч. 2 арт. 111 КК Украіны («Дзяржаўная здрада, учыненая ва ўмовах ваеннага становішча»). Па гэтым артыкуле прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі да 15 гадоў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў