На беларускай мяжы спынілі падлетка, які хацеў вярнуцца ва Украіну


На мяжы з Беларуссю расейскія сілавікі спынілі падлетка, які спрабаваў вярнуцца ва Украіну. Раней яго вывезлі з акупаванага Марыупалю ў Расею і перадалі ў прыёмную сям’ю. Аб гэтым выпадку расказала на прэс-канферэнцыі 4 красавіка ўпаўнаважаная па правах дзіцяці ў РФ Марыя Львова-Бялова, якую міжнародны суд абвінавачвае ў выкраданні ўкраінскіх дзяцей. Суд Гаагі выдаў ордар на яе арышт.

Багдан Ярмохін.
Фота: 360tv.ru

Аб уцекачы Багдане Ярмохіне спытаў карэспандэнт дзяржаўнага тэлеканалу «Россия». Ён заявіў, быццам падлетка «з дапамогай маніпуляцый і пагрозаў спрабавалі выбавіць назад на тэрыторыю Украіны».

«Так, падманным шляхам хлопца вывезлі, мы яго злавілі на мяжы з Беларуссю. У апошні момант паспелі з сілавымі структурамі яго на мяжы спыніць», – пацвердзіла Львова-Бялова.

Яна заявіла, што падлетку дапамагалі некалькі чалавек, у тым ліку арганізавалі машыну з кіроўцам і «скідвалі грошы».

Незалежныя крыніцы Бі-бі-сі паведамляюць, што на пачатку поўнамаштабнага ўварвання Багдан быў сіратой, а яго законным прадстаўніком з’яўляўся дырэктар марыупальскага каледжа, дзе юнак вучыўся – гэта нармальная практыка для падлеткаў старэйшага ўзросту, удакладняе выданне.

Пасля пачатку вайны ён аказаўся ў ліку 31 дзіцяці, знойдзеных у «падвалах Марыупалю», і быў перавезены ў Данецк, а пазней – у Падмаскоўе, дзе юнака перадалі пад апеку ў прыёмную сямʼю. У той жа групе непаўналетніх быў і Філіп Галаўня, якога ўзяла пад апеку сама Львова-Бялова.

«Вельмі пазітыўны хлопчык, дапамагаў нашым вайскоўцам, такі прамы прарасейскі» – сказала пра Багдана на прэс-канферэнцыі Львова-Бялова.

Дзе цяпер знаходзіцца падлетак і што з ім адбываецца, невядома.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў