Дзяўчыне, якая перадала статуэтку з выбухоўкай блогеру Татарскаму, выставілі абвінавачванні


Следчы камітэт РФ прад’явіў абвінавачанне Дарʼі Трэпавай, якая падчас сустрэчы ў кафэ Пецярбурга перадала расейскаму прапагандысту і ваенкору Уладлену Татарскаму статуэтку, якая ў выніку ўзарвалася. Татарскі загінуў на месцы, яшчэ дзясяткі людзей пацярпелі.

Дар’я Трэпава. Крыніца: Ofelia Trepova / Вконтакте

Пецябруржанцы Дар’і Трэпавай прадʼявіла абвінавачанне па артыкулах аб здзяйсненні тэракту, які пацягнуў смерць чалавека, а таксама аб незаконным нашэнні выбуховых рэчываў. Па абодвух артыкулах ёй ставяць у віну здзяйсненне злачынства ў складзе арганізаванай групы.

«Ёй інкрымінуецца здзяйсненне злачынстваў, прадугледжаных п. «б» ч.3 ст.205, ч.4 ст.222.1 КК РФ («Тэрарыстычны акт, учынены арганізаванай групай, які пацягнуў наўмыснае прычыненне смерці чалавеку; незаконнае нашэнне выбуховых прылад, здзейсненае арганізаванай групай»)», – гаворыцца ў паведамленні СК РФ.

«Па дадзеных следства, 2 красавіка 2023 года Трэпава, выконваючы ўказанні асоб, якія дзейнічалі з тэрыторыі Украіны, прынесла ў кафэ ў цэнтры Санкт-Пецярбургу статуэтку, начыненую выбухоўкай, і перадала яе ваеннаму карэспандэнту Максіму Фаміну, вядомаму пад псеўданімам Уладлен Татарскі», – паведамляе СК.

У выніку выбуху загінуў Уладлен Татарскі, а таксама раненні рознай ступені цяжкасці атрымалі больш за 30 чалавек, піша Следчы камітэт.

Дзяўчыну затрымалі на наступны дзень пасля здарэння. 4 красавіка яе пад канвоем даставілі з Санкт-Пецярбургу ў Маскву. З аэрапорта Дамадзедава яе адразу павязлі ў Басманны суд, дзе ёй абяруць меру стрымання.

Следства хадайнічала аб узяцці Дар’і Трэпавай пад варту на два месяцы, да 2 чэрвеня.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў