Затрымалі двух беларусаў, якія спрабавалі выехаць у Літву і Польшчу


Пасля праверкі тэлефона на мяжы з Літвой затрымалі гарадзенца. Яшчэ аднаго беларуса затрымалі пасля допыту пры выездзе ў Польшчу, паведамляюць праваабаронцы.

Літоўска-беларуская мяжа.
Фота: Пограничный комитет Беларуси / Telegram

На беларускай мяжы ў Беняконях 3 сакавіка, пасля праверкі тэлефона, затрымалі гарадзенца, які ехаў у Літву. Мужчыну адвезлі ў РАУС і затрымалі да суда, які пройдзе 6 сакавіка, паведамляе Hrodna.lifе. Вядома, што гарадзенца затрымалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» і будуць судзіць паводле арт. 19.11 КаАП. Таксама на яго пры мінанні мяжы склалі акт мытнага надгляду праз прыцягненне паводле арт. 23.34 КаАП.

Таксама праваабаронцам паведамляюць пра затрыманне на беларуска-польскай мяжы. Хлопца, які ехаў у Еўразвяз, супрацоўнікі КДБ знялі з аўтобуса пасля «размовы» на мяжы. Пасля сілавікі паехалі да яго дадому, правялі там ператрус і забралі тэхніку.

Паведамляецца, што ў хлопца быў выдалены Telegram, але яго прымусілі яго зноў усталяваць, каб аднавіць перапіскі.

Нагадаем, што пасля дыверсіі з расейскім самалётам у Мачулішчах 26 лютага, пасажыраў, якія гэтымі днямі выязджаюць з Беларусі за мяжу, узмоцнена правяраюць супрацоўнікі КДБ. Людзям задаюць пытанні наконт мэты паездкі ў Еўропу. Запытваюць пра Украіну, за каго галасавалі на выбарах, а таксама ці хадзілі яны на пратэсты.

Акрамя таго, сілавікі глядзяць тэлефоны людзей. На «размову» адпраўляюць амаль усіх, незалежна ад узросту і полу. Калі ў багажы былі фотаапараты, прасілі ўключыць іх і паказаць здымкі. «Наша Ніва» таксама паведамляла, што маршруткі ў пункце пропуску «Беняконі» стаяць па некалькі гадзінаў у чарзе. На допыт выклікаюць усіх мужчынаў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў