Памёр пісьменнік і журналіст Канстанцін Скуратовіч


Беларускі пісьменнік і журналіст Канстанцін Скуратовіч пайшоў з жыцця ва ўзросце 70 гадоў. Аб смерці стала вядома ўвечары 4 сакавіка, пра гэта напісаў у Facebook медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

Канстанцін Скуратовіч. Скрыншот з відэа: Белсат

Выданне «Наша Ніва» паведамляе, што прычынай смерці стаў інсульт. Канстанціна Скуратовіча пахаваюць заўтра, 5 сакавіка.

Канстанцін Скуратовіч – адзін з піянераў незалежнай журналістыкі ў Беларусі. Ён нарадзіўся ў 1952 годзе, скончыў Менскае сувораўскае вучылішча і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Быў кандыдатам філасофскіх навук. З 1994 года ён працаваў аглядальнікам штотыднёвіка «Белорусы и рынок», дзе быў загадчыкам аддзелу сацыяльнай палітыкі, пісаў і для іншых незалежных выданняў.

У 1996 годзе Скуратовіч атрымаў Прэмію Беларускага фонду Сораса як найлепшы эканамічны аглядальнік, а праз тры гады – Прэмію Беларускай асацыяцыі журналістаў «За плён ва ўсталяванні свабоды слова ў Беларусі».

У 2019 годзе ў эфіры праграмы «Размовы» на «Белсаце» цяпер ужо палітзняволены філосаф Уладзімір Мацкевіч гутарыў з Канстанцінам Скуратовічам як з аўтарам кнігі «Востраў Суомі. Здзейсненая ўтопія». Гэтая кніга прысвечана беларусам, якія бралі ўдзел у канфлікце, калі СССР напала на Фінляндыю ў 1939-1940 гадах. Кніга таксама нагадвае пра палітычныя і ваенныя тэхналогіі, якія прымяняліся Савецкім Саюзам супраць суверэннай Фінляндыі, і якія цяпер можна параўнаць з агрэсіяй Расеі супраць Украіны.

Таксама Скуратовіч аўтар кніг «Страхі і надзеі беларусаў» і «Вечнае з зялёным».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў