Пачалося папярэдняе паседжанне ў «справе «Белгазпрамбанку». Будынак суда агароджаны, дзяжурыць міліцыя


З беспрэцэдэнтных захадаў бяспекі пачалося папярэдняе паседжанне ў «справе «Белгазпрамбанку». Незалежных журналістаў не пусцілі. Вакол будынку – агароджа і міліцыянты. Іншыя працэсы ў судзе адбудуцца пасля 15:00.

У судзе Маскоўскага раёну сталіцы пачалося першае паседжанне ў «справе «Белгазпрамбанку». Будынак агароджаны. Незалежных журналістаў не пусцілі.
Фота: «Белсат»

У судзе Маскоўскага раёну Менску 4 лютага пачалося першае паседжанне ў «справе «Белгазпрамбанку».

На паседжанні прысутнічаюць шасцёра абвінавачваных, якія заключылі дасудовыя пагадненні аб супрацы. Былога кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі сярод іх няма. Ён адзіны з падвіноўных, хто не вызнае сябе вінаватым.

Кірыл Бадзей летась стаў кіраўніком «Белгазпрамбанку» замест Віктара Бабарыкі. Яго вінавацяць паводле ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу («Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры»). У гэткіх жа дзеяннях вінавацяць былых намеснікаў старшыні кіраўніцтва банку Сяргея Дабралёта, Дзмітрыя Кузьміча, Сяргея Шабана і Аляксандра Ільясюка. Яшчэ адзін абвінавачваны – генеральны дырэктар «Актыўлізінгу» Віктар Кабяк – праходзіць паводле ч. 2 арт. 431 («Даванне хабару паўторна ці ў буйным памеры»). Паводле следства, ён даў хабар памерам не менш як € 2,5 млн.



На сённяшнім паседжанні разглядаюць выкананне ўмоваў дасудовага пагаднення. Акрамя таго, чакаюць прызначэння даты паседжання ў асноўнай справе, піша АТН.

Сваякі падвіноўных спадзяюцца на міласэрнасць Аляксандра Лукашэнкі. Яны звярнуліся да яго з лістом як да гаранта Канстытуцыі. Прапанаваў такі крок Юрый Васкрасенскі. Родныя вязняў просяць Лукашэнку вызваліць сваіх блізкіх ад крымінальнай адказнасці ў адпаведнасці з артыкулам 88 Крымінальнага кодэксу («Дзейнае раскаянне»).

Hавiны
Сваякі фігурантаў справы «Белгазпрамбанку» звярнуліся да Лукашэнкі. Яны просяць вызваліць абвінавачаных ад адказнасці
2021.02.03 21:53

Былога кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыку, які пастанавіў узяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, затрымалі разам з сынам Эдуардам 18 чэрвеня 2020 года. Экс-банкіра абвінавацілі ў хабарніцтве і «адмыванні» грошай. Віктар Бабарыка «катэгарычна не згодны з выстаўленым абвінавачаннем», а ягоныя абаронцы настойваюць «на поўнай невінаватасці».

На момант арышту Бабарыка лічыўся галоўным апанентам Лукашэнкі на выбарах, ён паставіў рэкорд у колькасці подпісаў, сабраных альтэрнатыўнымі кандыдатамі на прэзідэнцтва за ўсю гісторыю Беларусі. Экс-банкіра прызналі палітычным вязнем. Ён адзіны падазраваны ў справе, хто не вызнае сябе вінаватым.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў