180 дзён пратэсту: беларускі – намінанткі на Нобэлеўскую прэмію, «справа «Белгазпрамбанку» і новыя прысуды


Паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі не спыняюцца, людзі працягваюць барацьбу з рэжымам, але і павялічваецца колькасць прысудаў у палітычных справах. «Белсат» падводзіць вынікі 180-га дня пратэстаў.

Лідаркі беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала трапілі ў лік намінантаў на Нобэлеўскую прэмію міру 2021 за сваю барацьбу за сумленныя выбары ў Беларусі, піша «Newsweek».

Вераніка Цапкала, Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Як паведамляе выданне, тры жанчыны былі намінаваныя за «барацьбу за справядлівыя выбары і за стварэнне мірнай апазіцыі» супраць беларускага «лідара» Аляксандра Лукашэнкі.

Таксама на Нобэлеўскую прэмію міру 2021 намінавалі расейскага апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага, які цяпер у турме.

У Менску адбылося папярэдняе судовае паседжанне ў «справе «Белгазпрамбанку». Незалежных журналістаў не пусцілі, а вакол будынку ўстанавілі агароджу. Побач дзяжурылі міліцыянты.

На паседжанні прысутнічалі шасцёра абвінавачваных, якія заключылі дасудовыя пагадненні аб супрацы. Былога кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі сярод іх не было. Ён адзіны з падвіноўных, хто не вызнае сябе вінаватым.

Hавiны
Пачалося папярэдняе паседжанне ў «справе «Белгазпрамбанку». Будынак суда агароджаны, дзяжурыць міліцыя
2021.02.04 11:04

Суд над Віктарам Бабарыкам пачнецца 17 лютага. Ён павінен быць адкрытым.

Таксама журналістаў незалежных СМІ другі раз не пусцілі на суд экс-кіраўніка магілёўскага філіялу «Белгазпрамбанку». З раніцы ў раскладзе суда Кастрычніцкага раёну Магілёва адсутнічала судовае паседжанне Сяргея Кармызава. Як толькі яно з’явілася, журналісты накіраваліся ў залу, але яна ўжо была занятая. Каля 10 чалавек сядзелі ў зале за 40 хвілінаў да пачатку паседжання.

Міліцыянт забараніў журналістам уваходзіць у залу на падставе эпідэмічнай сітуацыі.

Ініцыятыва «ByPol» апублікавала ліст, у якім кіраўнік Міністэрства ўнутраных справаў Іван Кубракоў просіць, каб суды давалі пратэстоўцам содні.

Ліст Івана Кубракова, міністра ўнутраных справаў Беларусі.
Фота: «ByPol»

Ліст Кубракоў накіраваў у Дзяржаўны сакратарыят Савету бяспекі. Міністр просіць разабрацца з судамі Менскай вобласці, якія караюць пратэстоўцаў найчасцей штрафамі. Гэтак, менскія суды 1 лістапада адправілі на содні 66 затрыманых, а аштрафавалі ўсяго 5. У той жа час у вобласці – 83 штрафы і толькі адзін арышт, адзначае кіраўнік МУС.

«Гэткая практыка, на думку ГУУС Менскага гарвыканкаму, вядзе да фармавання пачуцця беспакаранасці і не спрыяе зніжэнню пратэставай актыўнасці», – мяркуе Кубракоў.

Аднак у МУС парталу Onliner.by адказалі, што апублікаваны «ByPol» дакумент – фэйк.

Больш за 100 тысяч асобаў падпісалі петыцыю супраць прызнання бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім.

Гэта самая папулярная петыцыя на платформе «Зручны горад» за ўсю гісторыю рэсурсу.

Дырэктара ГУМу Аляксандра Крапака затрымалі па падазрэнні ў карупцыі. Пра гэта паведаміла афіцыйная прадстаўніца СК Юлія Ганчарова.

А ў офісе кампаніі «ГРЫНрозніца» ў бізнес-цэнтры «Дэльта» на Ціміразева 72, якая прэзентуе гіпермаркеты «Green», з ранку працуюць праваахоўныя органы. Хто гэта і ў якой справе, невядома. Афіцыйных каментароў на гэты конт пакуль няма.

Hавiны
Дырэктара ГУМу затрымалі па падазрэнні ў карупцыі, а ў «ГРЫНрозніцы» працуюць праваахоўныя органы
2021.02.04 16:21

У Беларусі з’явіліся два новыя палітычныя вязні.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітычнымі вязнямі яшчэ двух беларусаў – Стэфана Лазовіка і Віктара Лосіка. Праваабаронцы напісалі супольную заяву з патрабаваннем неадкладна іх вызваліць.

Стэфана Лазовіка асудзілі паводле ч. 1 арт. 339 КК РБ («Хуліганства») і прысудзілі да аднаго года пазбаўлення волі. Такое ж абвінавачанне выставілі і Віктару Лосіку. Яго таксама падазраюць паводле арт. 341 КК («Апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці»).

На гэты момант палітвязнямі ў краіне прызнаныя 226 асобаў.

Hавiны
Тры гады калоніі за гвалт над міліцыянтам прысудзілі жыхару Гомля. У СІЗА ён можа аслепнуць
2021.02.04 16:58

Затрыманых 30 студзеня працаўнікоў крамы Symbal.by адправілі на содні.

Сёння суд Савецкага раёна Менску разглядзеў адміністратыўныя справы работнікаў крамы Анастасіі Трафімчык і Вольгі Ігнатовіч. Суддзя Марына Фёдарава прызнала дзяўчат вінаватымі ў непадпарадкаванні і пакарала 15 соднямі арышту. Пратакол паводле арт. 23.34 КаАП суд адправіў на дапрацоўванне.

3 лютага стала вядома, што намеснік дырэктара Мікіта Броўка і бухгалтарка Ксенія Міклашэўская атрымалі па 20 содняў арышту паводле арт. 17.1 («Дробнае хуліганства») і арт. 23.4 («Непадпарадкаванне») КаАП. Справы паводле арт. 23.34 КаАП за пікетаванне яшчэ павінны разгледзець.

Hавiны
За «кактэйль Молатава» на два гады калоніі асудзілі трэнера па плаванні з Баранавічаў
2021.02.04 17:39

АД, belsat.eu

Стужка навінаў