Медычнае абследаванне ў Беларусі зрабілі абавязковым для ўсіх


З 1 студзеня ў Беларусі пачаў дзеяць новы парадак праходжання дыспансерызацыі, зацверджаны Міністэрствам аховы здароўя. Пра гэта паведамляе дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 1».

Цяпер медычнае абследаванне стане абавязковым для ўсіх: ад дзяцей да старых, незалежна ад наяўнасці або адсутнасці захворванняў, у тым ліку хранічных. Як кажуць у міністэрстве, новаўвядзенне скіраванае на прапаганду здаровага ладу жыцця, ранняе выяўленне фактараў рызыкі і перадухіленне развіцця цяжкіх захворванняў.

Згодна з інструкцыяй, на праходжанне медычнага абследавання даецца права аднаго дня. Доктар будзе выдаваць заключэнне, што пацыент прайшоў дыспансерызацыю і быў у гэты дзень у паліклініцы.

Займацца медычным аглядам будуць дактары паводле месца жыхарства. У сельскай мясцовасці будуць таксама выкарыстоўвацца выязныя формы працы, паведамляе тэлеканал.

Інструкцыя аб новым парадку дыспансерызацыі была зацверджаная Міністэрства аховы здароўя 9 жніўня 2022 года. Паводле інструкцыі, у ходзе дыспансерызацыі дактары аналізуюць медычныя дакументы пацыента, праводзяць анкетаванне пацыентаў для выяўлення фактараў рызыкі развіцця і прыкметаў неінфекцыйных захворванняў, а таксама праводзяць ацэнку стану здароўя пацыента шляхам правядзення медычнага агляду. Ёсць магчымасць правядзення лічбавага анкетавання.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў