На Гомельшчыне распачалі шэраг крымінальных справаў за каментары ў сеціве


Пракуратура Гомельскай вобласці распачала крымінальныя справы за «пагрозы гвалтам», «абразы», а таксама распаўсюджванне праз інтэрнэт персанальных звестак пракурорскіх работнікаў і іхных сваякоў.

Паводле Генпракуратуры, у снежні 2021 года невядомая асоба ў агульнадаступным Telegram-канале распаўсюдзіла звесткі аб персанальных звестках памочнікаў пракурора Мазырскага раёну і іх сваякоў.

Пра якіх канкрэтна працаўнікоў пракуратуры ідзе гаворка – невядома. Таксама не названы ТГ-канал, але адзначаецца, што ягоную інфармацыйную прадукцыю суд раней прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

«Пасля шэраг карыстальнікаў мэсэнджара размясцілі каментары пад вышэйназванымі публікацыямі, у якіх змяшчаліся абразы, пагрозы гвалтам і знішчэннем маёмасці», – адзначаецца ў прэс-рэлізе.

Гэтыя дзеянні кваліфікаваныя паводле ч. 3 арт. 203-1, ч. 1 арт. 366 і арт. 369 Крымінальнага кодэксу.

  • Паводле праваабаронцаў, з лета 2020 года адбываюцца самыя масавыя ў найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсіі. За гэты час ўва ўсёй краіне былі распачатыя больш за 5000 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі. На дзень 4 студзеня 2022 года 968 асобаў прызнаныя палітычнымі вязнямі.
  • З лета 2020 года тысячы пратэстоўцаў па ўсёй краіне сталіся ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў, каля 39,5 тысяч чалавек былі затрыманыя. Згодна з рознымі ацэнкамі, у выніку палітыкі дзяржаўнага тэрору загінулі ад 4 да 20 асобаў. Пры гэтым ні за катаванні, ні за забойствы іншадумцаў да адказнасці нікога не прыцягнулі.

РР belsat.eu

Стужка навінаў