Мянчанка, якую затрымалі перад судом Вольгай Залатар, пакінула Беларусь і распавяла пра содні


Палітзняволеная Таццяна Батура, якую затрымалі 15 лістапада перад судом над палітзняволенай Вольгай Залатар, правяла ў ЦІПе на Акрэсціна 45 содняў. Яе вызвалілі на пахаванне бацькі, пасля якога яна змагла з’ехаць з краіны, паведамляюць праваабаронцы.

Таццяна Батура.
Фота: viasna96 / Telegram

32-гадовую мянчанку тройчы арыштоўвалі на 15 содняў. Але і адбыўшы патройны арышт Таццяна не выйшла на волю – яе зноў перазатрымалі і склалі новы пратакол: за «дробнае хуліганства» ў РУУСе. За дзень да вызвалення ў дзяўчыны памёр бацька, але на пахаванне яе не адпусцілі і прызначылі новы суд на 31 снежня. Аднак суддзя Фрунзенскага раёну ўсё ж такі выпісала пастанову на вызваленне і перанесла суд на 3 студзеня. З РУУСу Таццяна трапіла на пахаванне бацькі, а 3 студзеня была ўжо ў бяспецы за межамі Беларусі.

Пасля вызвалення Таццяна распавяла, што ў дзень затрымання ў Фрунзенскім РУУСе яе збіў асабіста намеснік начальніка РУУСу Дзяніс Марцуль. Яна запатрабавала вызваць абаронцу, на што Марцуль сказаў «вось табе, а не абаронца» і ўдарыў дзяўчыну ў твар паміж носам і скулай. Ад удару яна стукнулася патыліцай аб металічны сейф, які стаяў ззаду. Толькі праз дзень пасля гэтага, на патрабаванне адваката надаць дзяўчыне медычную дапамогу, Дзяніс Марцуль павёз дзяўчыну ў паліклініку, дзе ёй дыягнаставалі ўдар галавы.

Адміністрацыйныя пратаколы на дзяўчыну складаў участковы Сяргей Дзяшко. Менавіта ён «сустракаў» яе пасля содняў з ЦІПу, пасля чаго Таццяне давалі новыя содні, а падчас першага перазатрымання пагражаў ёй двума месяцамі арышту.

Hавiны
Палітзняволеная Таццяна Батура зноў перазатрымана пасля 45 содняў арышту
2021.12.30 21:42

За ўвесь тэрмін за кратамі Таццяна трымала галадоўку 13 дзён. За 45 дзён у нечалавечых умовах яна схуднела на 8 кілаграмаў. Акрамя гэтага, яе пратрымалі 20 дзён у карцары, ложка ахоўнікі ані разу за ўвесь гэты час не адшпільвалі. Вада ў карцары была толькі халодная, таму мыць галаву Таццяна магла толькі падчас «перазатрыманняў», у РУУСе.

Трэція 15 содняў дзяўчына сядзела ў камеры з бяздомнымі жанчынамі. Акрамя вошаў, якія Таццяна падчапіла падчас першага арышту, у гэтай камеры былі яшчэ і клапы, якія скусалі ўсё цела дзяўчыны.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў