Мастака Алеся Пушкіна этапавалі ў гарадзенскую турму. Яго перавялі на турэмны рэжым на паўтара года


Палітычнага вязня Алеся Пушкіна этапавалі ў гарадзенскую турму, паведамляюць праваабаронцы. Узмацненне жорсткасці пакарання ініцыявала адміністрацыя калоніі «Воўчыя норы», дзе мастак адбываў пакаранне, а пасля суддзя Івацэвіцкага раёну Аляксандр Крыловіч пастанавіў перавесці вязня на турэмны рэжым на паўтара года.

Мастак Алесь Пушкін.
Фота: Радыё «Свабода»

У жніўні стала вядома, што адміністрацыя калоніі «Воўчыя норы», што ў Івацэвіцкім раёне, пакарала Алеся Пушкіна пяццю месяцамі ў ПКТ. Гэта спецыяльная камера, куды пераводзяць вязняў у якасці спагнання за зацятыя парушэнні парадку калоніі. З яе выходзяць толькі на працу і на паўгадзіны за дзень на шпацыр, падчас якога забаронена стасавацца з іншымі зняволенымі. Перадачаў не прымаюць, спатканні і званкі забароненыя.

Мастака затрымалі ў сакавіку 2021 года. Суд над ім пачаўся 10 сакавіка 2022-га, працэс зрабілі закрытым – «праз звесткі, якія ёсць дзяржаўнаю таямніцай». Ад адваката Пушкін адмовіўся, таму ніякай дакладнай інфармацыі пра хаду працэсу, на якім ён этапе, ці было апошняе слова і які тэрмін патрабаваў пракурор, не было.

Алеся Пушкіна прызналі вінаватым у рэабілітацыі нацызму (ч. 3 арт. 130 КК) і здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК). Прэтэнзіі ў следства ўзніклі да цыклу карцінаў Пушкіна «Беларускі супраціў», створаны больш за 20 гадоў таму. Прапаганду нацызму ўгледзелі ў партрэтах дзеячаў антысавецкага руху часу Другой сусветнай вайны: Міхаіла Вітушкі, Усевалада Родзькі і Яўгена Жыхара. Таксама бок абвінавачання кажа, што ў перыяд з 21 да 24 сакавіка 2021 года Пушкін у Кіеве падчас свайго перформансу здзекаваўся з дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь.

У выніку мастаку Алесю Пушкіну прысудзілі 5 гадоў пазбаўлення волі. У калоніі ён з сярэдзіны красавіка.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў