Алесь Аляхновіч: «Эканамічныя санкцыі – гэта марафон, але мэта будзе дасягнутая»


Прадстаўнік кабінету Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч у прамым эфіры «Студыі «Белсат» параўнаў эканамічныя санкцыі, уведзеныя супраць Беларусі краінамі ЕЗ, ЗША, Канадай і Вялікай Брытаніяй, з марафонам, які «трэба бегчы». Але выказаў пэўнасць, што мэта будзе дасягнутая.

«Эканамічныя санкцыі – гэта такі марафон, які не мае нейкага канкрэтнага пункту, у якім наступіць эфект. Трэба яго бегчы, але ў выніку мэта будзе дасягнутая», – сказаў Алесь Аляхновіч, ацэньваючы змест санкцыяў, уведзеных супраць рэжыму Лукашэнкі 2 снежня.

На пытанне, на якім жа кіламетры знаходзяцца зараз удзельнікі гэтага «марафону» і калі будзе фініш, Аляхновіч адказаў, што «ацаніць гэта складана, пакуль марафон не скончаны».

«Але мы бачым, што склаўся ўжо кансэнсус дэмакратычных краін, што гэта ўжо трэці раз, калі Захад каардынуецца і адначасова ўводзіць санкцыі. Так было ў чэрвені – на наступны месяц пасля інцыдэнту з самалётам, калі ЕЗ, Вялікая Брытанія, Нарвегія і іншыя краіны далучыліся да 4-га пакету санкцыяў. Так было ў жніўні – на гадавіну беларускіх выбараў, калі ЗША, Канада і Вялікая Брытанія ўводзіла санкцыі. І так – цяпер», – лічыць эксперт.

Аналітыка
Адзіным фронтам. Што трэба ведаць пра новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
2021.12.03 15:25

На ягоны погляд, гэта паказвае, што рэжым Лукашэнкі стаў таксічным не толькі для ўсіх заходніх партнёраў, але робіцца таксічным і для расейскіх партнёраў, і для кітайскіх, і для іншых – з Лукашэнкам ужо амаль ніхто не хоча мець справы.

Як ён адкажа на санкцыі? Алесь Аляхновіч мяркуе, што ў Лукашэнкі не засталося законных спосабаў рэагаваць на ўведзеныя санкцыі, апроч – тэрарыстычных.

«Законных механізмаў рэжым не мае. Бо памер беларускай эканомікі ў параўнанні з памерам эканомікі краін, якія ўводзяць санкцыі – а гэта 27 краін ЕЗ, Вялікая Брытанія, ЗША, Канада – гэта як «слон і моська»…

Hавiны
«Спіс будзе даволі вялікім». Галоўчанка паабяцаў увесці санкцыі супраць Захаду
2021.12.03 14:16

Што застаецца ў рэжыму? А застаюцца яшчэ тэрарыстычныя метады. Можна ўзяць у закладнікі амбасадараў краін ЕЗ, можна ўзарваць АЭС у Астраўцы. Застаюцца толькі такія спосабы», – мяркуе Алесь Аляхновіч.

«Што б там Макей ні гаварыў, што б Галоўчанка ні заяўляў, што б Лукашэнка ні казаў – Захад застаецца цвёрдым, Захад падтрымлівае кантакты з беларускім дэмакратычным рухам і, наадварот, дыстанцуецца ад беларускіх афіцыйных уладаў», – дадаў Аляхновіч.

Цалкам размову з прадстаўніком кабінету Святланы Ціханоўскай па эканоміцы Алесем Аляхновічам глядзіце ў праграме «Студыя «Белсат».

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў