Яну Пінчук і яшчэ дзевяць чалавек прызналі палітвязнямі


Праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ 10 чалавек. ​​Гэта Ілля Верамееў, Марына Санкевіч, Валянцін Музыкін, Станіслаў Пугачоў, Анатоль Міхайлаў, Павел Мякіш, Сяргей Шамецька, Яна Пінчук, Сяргей Пасюк і Ілля Трубін.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pikist.com

Што вядома пра новых палітвязняў:

  • Яна Пінчук перададзена беларускім уладам з Расеі і цяпер змешчана пад варту згодна з абвінавачваннем у паклёпе, незаконных дзеяннях з персанальнымі дадзенымі, «распальванні варожасці» і кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем, заклікам да санкцый. Яе дэпартавалі насуперак закліку Камітэту па правах чалавека ААН;
  • Ілля Трубін асуджаны да 16 гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачвання ў актах тэрарызму, незаконных дзеяннях з боепрыпасамі і гаручымі рэчывамі за падпал двух парталаў сістэмы аплаты за праезд на аўтадарогах.
  • Ілля Верамееў за каментары ў сацсетках асуджаны да пазбаўлення волі тэрмінам на 6 гадоў і 6 месяцаў за «распальванне варожасці» і «замах на арганізацыю масавых беспарадкаў» за заклікі да супраціву ў якасці рэакцыі на агрэсію Расеі ў дачыненні да Украіны з тэрыторыі Беларусі;
  • Марына Санкевіч асуджана да сямі гадоў пазбаўлення волі за публікацыі ў тэлеграм-каналах па артыкулах за «распальванне варожасці», «удзел ці падрыхтоўку масавых беспарадкаў», за абразу Лукашэнкі і службовай асобы;
  • Станіслава Пугачова судзілі за «распальванне варожасці», «незаконны збор інфармацыі пра асабістае жыццё» і за перадачу звестак сілавікоў у тэлеграм-канал да сямі гадоў пазбаўлення волі;
  • Анатоля Міхайлава судзілі за «распальванне варожасці», «уваходжанне ў экстрэмісцкае фармаванне», «арганізацыя масавых беспарадкаў», абразу Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі за публікацыі ў тэлеграм-каналах;
  • Павел Мякіш асуджаны за «распальванне варожасці» і перадачу дадзеных сілавікоў у тэлеграм-канал да пяці гадоў пазбаўлення волі;
  • Сяргей Шамецька змешчаны пад варту па справе «Рабочага Руху» паводле абвінавачвання ў здрадзе дзяржаве і стварэнні экстрэмісцкага фармавання;
  • Сяргей Пасюк змешчаны пад варту паводле абвінавачвання ў «распальванні варожасці», апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці, за заклікі санкцый, за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» і за паклёп на Лукашэнку;

Прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі заяўляюць, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне сацыяльнай варожасці ці варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады. Большасць справаў палітзняволеных разглядаліся ў зачыненым рэжыме. Праваабаронцы лічаць, што разгляд такіх спраў у закрытым судовым пасяджэнні груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных і зводзіць да мінімальнай ацэнку праўдзівасці, дастатковасці і дапушчальнасці якіх бы там ні было доказаў абвінавачвання.

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць гэтых і астатніх палітычных зняволеных, спыніць палітычныя рэпрэсіі. На момант публікацыі 3 кастрычніка праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі 1334 чалавекі.

Але напраўду зняволеных з палітычных прычынаў нашмат больш – праваабаронцы дэталёва аналізуюць кожную справу і проста не паспяваюць за рэпрэсіўным апаратам. Так, Следчы камітэт налічыў 11 тысяч крымінальных справаў за «злачынствы экстрэмісцкай скіраванасці».

Аналітыка
Чаму завісла лукашэнкаўская амністыя і ці варта яе чакаць?
2022.09.29 13:49

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў