Прэмʼер Галоўчанка абвясціў пра вырашэнне нафтавага пытання з Расеяй


Прэмʼер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка заявіў журналістам, што пасля падпісання дамовы аб агульных прынцыпах падаткаабкладання вырашаная праблема падатковага манеўра для нафтавай галіны. Прамову Галоўчанкі апублікавалі ў Telegram-канале беларускага ўрада.

Прэмʼер Беларусі адзначыў, што цяпер субʼекты гаспадарання абедзвюх краін будуць працаваць у аднолькавых умовах.

«Адзін са знакавых момантаў, што знайшлі адлюстраванне ў гэтай дамове, – гэта рашэнне пытання па зваротнаму акцызе, які багата гадоў абмяркоўваўся. Гэта звязана з коштам нафты для беларускага боку. Гэта фактычна выроўнівае ўмовы для беларускіх і расейскіх субʼектаў гаспадарання. Расейскія калегі пайшлі насустрач, і цяпер мы вырашылі праблему, якая доўгі час стварала пэўны негатыў у эканамічнай павестцы», – заявіў Галоўчанка.

Падпісаная ў Маскве дамова прадугледжвае агульныя прынцыпы падаткаабкладання па ўскосных падатках: падатку на дададзеную вартасць і акцызам. Раней у каментары «Белсату» старэйшы навуковы працаўнік даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук казаў, што гэта фактычна «продаж па кавалках падатковага суверэнітэту».

«Значная частка падатковай свабоды, магчымасці змяняць і стаўкі, і працэдуры падаткаабкладання так, як краіна палічыць патрэбным, а гэта адна з неадʼемных характарыстык суверэнітэту ў падатковай сферы, губляецца. Гаворка пра паступовае ўцягванне ў падатковую арбіту Расеі», – заявіў Крук.

Па яго меркаванню, афіцыйны Менск пагаджаецца на гэта таму, што залежыць ад дзейнасці нафтаперапрацоўчага сектару. Дамова прадугледжвае пералічэнне ўладам Беларусі міждзяржаўных бюджэтных трансфертаў – гэта кампенсацыя страт беларускіх НПЗ ад падатковага манеўру ў Расеі.

У выніку падатковага манеўру Расея паніжае экспартнае мыта на нафту і адначасова павышае падатак на здабыванне карысных выкапняў. Праз гэта сыравіна для беларускіх НПЗ істотна падаражэла.

Чакаецца, што кампенсацыйныя трансферты для Беларусі складуць каля 500 мільёнаў долараў на год, формула разлікаў прывязаная да кошту нафты расейскай маркі «Urals» на сусветных рынках.

Аналітыка
Мільярд долараў за падатковы суверэнітэт. Лукашэнка загадаў прадаць Расеі чарговы кавалак незалежнасці
2022.09.21 08:40

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў