Паверылі прапагандзе і вярнуліся ў БССР: гісторыя Жанін з Францыі, якая чвэрць стагоддзя пражыла на глухім памежным хутары


29 верасня ў памежным хутары Кодзі Гарадзенскага раёну памерла 91-гадовая жанчына з прыгожым французскім імем ды польскімі каранямі, якая мела ўнікальны лёс.

Гутарка пра Яніну (Жанін) Сташко. Рэпатрыянтка з Францыі, яна нарадзілася ў 1930 годзе ў невялікім шахцёрскім горадзе Лален, што на поўначы Францыі. Сюды ў 1927 годзе з Астравецкага раёну адправіліся на заробкі яе бацькі, Іван і Станіслава Грынцэвіч. Бацька працаваў на шахце, а маці – на цукровай фабрыцы. У Францыі Жанін пражыла няпоўных 17 гадоў. Скончыла восем класаў школы Святой Жанны Д’арк, хадзіла ў касцёл і нядзельную школу, дзе дзяцей-перасяленцаў вучылі польскай мове.

Яніна Сташко, фота Радыё Свабода

Бацька Яніны Іван падтрымліваў мясцовую кампартыю, чытаў савецкую прэсу – газеты «Правда» і «Известия». У 1946 годзе, паверыўшы савецкай прапагандзе, сям’я зазбіралася на радзіму, у СССР – у «сацыялістычны рай» і «дзяржаву роўных магчымасцяў». Думалі, што за грошы, якія зарабілі ў Францыі, змогуць набыць сабе зямлю. Селі на параход «Расея» і адправіліся ў Адэсу. Разам з імі было яшчэ 2800 рэпатрыянтаў з Францыі, якіх савецкія дыпламаты ўгаварылі вярнуцца на «гістарычную радзіму». Усіх пасажыраў у адэскім порце сустрэлі супрацоўнікі НКВД. З першай і другой класы людзей перасадзілі ў таварныя вагоны і павезлі ў Сібір.

«З намі ехалі белагвардзейцы, і як толькі яны прыбылі – іх тут жа пасадзілі ў турму», – узгадвала Жанін момант вяртання. Яе сям’ю не кранулі, можа быць таму, што ў іх з сабой была толькі швейная машынка «Зінгер» ды трохі грошай. Але французскія пашпарты і іншыя дакументы забралі. «Сядзелі потым як мыш пад венікам», – распавядала жанчына журналістам.

Бацька хацеў працягнуць працу шахцёрам, але убачыўшы мясцовыя шахты, прыняў рашэнне вяртацца ў родную вёску Супраненты ў Астравецкім раёне, якая сустрэла пасляваеннай беднатой.

У Францыі сям’я жыла ў службовым двухпавярховым доме, шахцёрам рэгулярна выдавалі паёк – сметанковае масла, каўбасу, кансервы і чатыры літра віна. У беларускай пасляваеннай вёсцы іх чакала цяжкае пасляваеннае жыццё, праца ў калгасе. Яніна ў гутарцы з журналістамі узгадвала, з якім страхам уваходзіла мыцца ў лазню пасля французскай ванны, як намазоліла рукі, калі ўпершыню ўзяла серп. Па прыездзе ў Беларусь яна моцна і доўга хварэла. У Францыі яны елі толькі белы хлеб. Чорны хлеб Яніна навучылася есці ў Беларусі.

Шлюбны Здымак Яніны Грынцэвіч і Міхаіла Сташко

Сям’я баялася падтрымліваць з кім-небудзь сувязь за мяжой. Маці Яніны нават сабрала рэчы ў вузельчык на выпадак арышту.

Вучыцца ў СССР Жанін не змагла – ведала французскую і польскую мовы, а расейскую ці беларускую – не. Зарабляла на жыццё дзякуючы швейнай машынцы, якую прывезлі з сабой у СССР – яшчэ падчас жыцця ў Францыі яна навучылася прафесійна шыць. Па модных французкіх часопісах 40-х, якія Жанін прыхапіла з сабой і зберагла, шыла яшчэ і ў 70-х. Замоваў было вельмі шмат, прыходзілася працаваць начамі.

У Кодзі жанчына пасялілася пасля смерці мужа, Міхаіла Сташко, з якім пражыла 36 гадоў і выхавала двух дзяцей, Часлава і Ганну. Пражыла там чвэрць стагоддзя, пасярод лесу. За трыста метраў ад яе дома – мяжа з Літвой, рукой падаць і да Польшчы. Шмат гадоў Яніна была адзінай жыхаркай хутару, толькі ў апошнія некалькі гадоў у яе з’явіўся сусед – пенсіянер.

У 2019 годзе 88-гадовая Жанін дзякуючы амбасадзе Францыі ў Беларусі адправілася ў падарожжа ў Лален, горад, дзе нарадзілася і вырасла.

Нават у сталым узросце, жанчына была ўвесь час у руху, садзіла агароды. Мела двух любімых сабак з мянушкамі Трамп і Абама. Тэлевізар не глядзела, замест гэтага шмат чытала, і, па яе словах, дзякуючы кнігам захавала памяць. У яе хаце захоўваліся здымкі з Францыі, кнігі і часопісы, выдадзеныя перад іхнім пераездам у СССР. Яніна Іванаўна не забыла французскай мовы, магла чытаць на ёй і крыху размаўляць. Распавядала журналістам, што ўвечары малілася па-польску, а раніцай – па-французску, так, як яе вучылі ў каталіцкай школе ў Францыі.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў