У Беларусі пашырылі забарону наведваць лясы, нягледзячы на надвор’е


Паводле мапы на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі, у палове Менскай вобласці, у пяці раёнах на захадзе Берасцейскай вобласці і ў Гарадзенскім раёне 3 верасня ўвялі абмежаванне на наведванне лясоў.

Мапа абмежаванняў і забаронаў на наведванне лясоў: жоўтым – абмежаванне, чырвоным – забарона. 3 верасня 2023 года. Скрыншот: Mlh.by

Такое абмежаванне днём раней ужо было на большай частцы Магілёўскай і Гомельскай вобласцяў, а ў Ельскім, Мазырскім, Нараўлянскім і Петрыкаўскім раёнах – поўная забарона на наведванне лясоў.

Пры «абмежаванні» ў лес можна хадзіць, грыбы і ягады можна збіраць, але нельга заязджаць на механізаваным транспарце і нельга распальваць вогнішчы. Пры «забароне» ў лес заходзіць зусім забаронена, за гэта могуць аштрафаваць на 444 рублі.

Абмежаванні на наведванні лясоў звычайна ўводзяць у сувязі з пагрозай пажараў. Пры тым у Менску, Берасці і Горадні на 3 верасня прагназуюць не больш як +22 °С і вільготнасць звыш 50 %,  пераменную воблачнасць. Хіба ў сярэдзіне наступнага тыдня пацяплее да +26, на поўдні стане сонечна.

Надыход восені, што праўда, заўважылі не ўсе: так, у цэнтры Менску цяпер квітнее каштан – расліну заблытала засуха ў чэрвені-ліпені (праз якую абмежаванні на наведванне лясоў уводзілі па ўсёй Беларусі) і пазнейшыя моцныя дажджы.

Абмежаванне на наведванне лясоў увялі сярод іншага на мяжы з Польшчай, дзе трывае міграцыйны крызіс – і Польшча заяўляе, што ў ім бяруць актыўны ўдзел беларускія памежнікі, якія могуць не зняўшы формы закідаць камянямі польскіх памежнікаў.

Ды не гарантавана, што абмежаванні ўводзілі пад арганізацыю нейкай правакацыі з мігрантамі. Напрыклад, 2 верасня ў Латвію спрабавала нелегальна прарвацца надзвычай вялікая, як па мерках латвійскай мяжы, група мігрантаў – 42 чалавекі. Але на мяжы з Латвіяй у гэты дзень не было абмежаванняў на наведванне лясоў.

Hавiны
На БелАЭС 4 верасня будуць мітусіцца ратавальнікі, гучаць сірэны. Не пужайцеся, гэта вучэнні
2023.09.03 12:20

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў