Прыехалі таксоўкай, а з’ехалі ў аўтазаку. Згадваем, як журналістак «Белсату» затрымалі на плошчы Пераменаў


Трагедыя з Раманам Бандарэнкам адбылася ў ноч на 12 лістапада. У нядзелю 15 лістапада, на трэція содні пасля забойства, быў запланаваны Марш смелых – памяці Рамана. На акцыю людзі пачалі збірацца а 12:00 каля станцыі метро «Пушкінская», адкуль планавалі рухацца ў бок плошчы Пераменаў, двара, дзе жыў і быў затрыманы Бандарэнка.

У той дзень журналісткі «Белсату» Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева прыехалі на плошчу Пераменаў таксоўкаю, каб весці трансляцыю. Кіроўца Максім (імя змененае) распавядаў, што з Кацяй і Дашай пазнаёміўся за некалькі месяцаў да падзеяў таго дня, пасля адной з нядзельных акцыяў.

Журналістка Дар’я Чульцова падчас судовага паседжання. 9 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Таксовец згадвае, што каля 12:00 забраў найперш з дому Дашу, потым заехалі па Кацю. Усё было звычайна: і журналісты, і звычайныя менчукі рыхтаваліся да акцыі. «Які ў іх быў настрой? Ну што: дарогаю пасмяяліся, пагаманілі пра штось – нічога сур’ёзнага. Усё як заўсёды, я ж кажу. Я іх штотыдзень вазіў, калі пратэсты былі. Звычайная паездка. Нічога не прадказвала бяды…» – распавядаў кіроўца.

Максім успамінае, што ён высадзіў дзяўчат каля свечак на плошчы з імправізаваным мемарыялам Бандарэнку. Дамовіліся, што будзе чакаць іх. І нават не развітваліся, згадваў кіроўца.

Каля 16:00 сілавікі пачалі ачапляць двор плошчы Пераменаў, а ўжо праз гадзіну цалкам зачысцілі яго, затрымаўшы пратэстоўцаў, пасля чаго пачалі руйнаваць мемарыял Раману Бандарэнку. Некаторыя пратэстоўцы здолелі схавацца ў склепе аднаго з дамоў, дзе правялі ноч.

Каця адзначала, што падчас стрыму перад вокнамі дому, адкуль вялі трансляцыю, лятаў дрон, які, верагодна, і высочваў журналістак. Таксама падчас стрыму сілавікі свяцілі ліхтаром ці лазерам у аб’ектыў камеры, што перашкаджала трансляцыі. Перыядычна знікала сувязь з журналісткамі.

Сілавікі каля плошчы Пераменаў. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 года.
Фота: Белсат / Vot Tak TV

Падчас зруйнавання мемарыялу сілавікамі ў дзверы кватэры, дзе былі журналісткі, пазванілі невядомыя.

«Проста ў дзверы кватэры, дзе мы цяпер, пазванілі. Мы не ведаем хто гэта, але…» – гэта адны з апошніх словаў Кацярыны ў эфіры перад затрыманнем.

Адна са сведак на судзе дзяўчат, якая была разам з імі ў кватэры, расказвала, што асобы, якія ўвайшлі ў кватэру, не назваліся. Да гэтага яны каля 20 хвілінаў стукалі ў дзверы. «Гаспадар кватэры сказаў, што адчыняць не будзе. Спалохаліся ўсе: гаспадары, іхныя дзеці, журналісткі», – успамінае яна і адзначае, што не чула ад дзяўчат ніякіх заклікаў.

У гэты час таксовец Максім усё яшчэ чакаў дзяўчат.

Максім, які 15 лістапада 2020 года падвозіў журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову на плошчу Пераменаў у Менску. Цяпер працуе таксоўцам у Варшаве, Польшча. 22 студзеня 2022 года.
Фота: ВО / Белсат

«Звязаўся з імі апошні раз гадзіне а трэцяй ці чацвёртай. На тэлефон званіў, бо не было інтэрнэту. Тады яшчэ ўдалося дазваніцца. І пасля гэтага – усё, на сувязь дзяўчаты не выходзілі. Але я набіраў і набіраў. Каб сказаць, што з усіх бакоў атачаюць дом амапаўцы і трэба паспрабаваць неяк выйсці адтуль.

Бо я ведаў характары дзяўчат і меркаваў, што яны будуць там працаваць да апошняга. Але хацеў угаварыць іх сысці адтуль…» – успамінае кіроўца.

З плошчы Пераменаў Максім з’ехаў каля дзявятай, калі даведаўся, што журналістак – ужо дакладна – затрымалі і чакаць больш няма каго.

Даведка

Дар’я Чульцова нарадзілася ў 1997 годзе ў Шклове. Скончыла гістарычна-філалагічны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Куляшова, вывучала журналістыку. Была затрыманая 15 лістапада 2020 года разам з Кацярынай Андрэевай за стрым, падчас якога паказалі жорсткі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэнне сілавікамі народнага мемарыялу на плошчы Пераменаў.

Стрым журналісткі вялі з кватэры на 14-м паверсе дому на Смаргоўскім тракце, куды іх запрасілі гаспадары. Пасля завяршэння акцыі спецназаўцы са зброяй выламалі дзверы ў кватэру і затрымалі дзяўчат.

Спачатку на Кацю і Дашу склалі адміністратыўныя пратаколы паводле арт. 23.34 і 23.4 КаАП – за нібыта ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту і непадпарадкаванні пры гэтым міліцыі. 17 лістапада суд Кастрычніцкага раёну прызначыў журналісткам за прафесійную дзейнасць 7 содняў адміністратыўнага арышту.

У пастанове суда адзначалася, што Кацярына і Дар’я здзейснілі правапарушэнне, але ў іхных дзеяннях адсутнічаў склад злачынства. Аднак насуперак высновам суда супраць журналістак «Белсату» адначасова завялі крымінальную справу. 20 лістапада ім выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Для дзяўчат абралі меру стрымання ў выглядзе арышту, іх этапавалі ў жодзінскую турму. У Жодзіне журналістак трымалі ў асобных камерах.

Плошча Пераменаў. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 года.
Фота: Белсат

Кацю і Дашу абвінавацілі ў тым, што яны нібыта бралі актыўны ўдзел і нават кіравалі «групавымі дзеяннямі, што груба парушаюць грамадскі парадак», якія пацягнулі за сабою парушэнне працы грамадскага транспарту. Следства сцвярджала, што стрым Кацярыны і Дар’і нібыта пацягнуў за сабою прыпыненне руху 13 аўтобусных маршрутаў, трох тралейбусных і трох трамвайных (хаця большасць з гэтых маршрутаў наагул не мае дачынення да плошчы Пераменаў). Шкоду «Менсктрансу» ацанілі на 11 562 рублі і 14 капеек.

Журналістак асудзілі на два гады зняволення. Кацярына і Дар’я сваёй віны не прызналі.

Дзяўчат прызналі палітзняволенымі ўжо праз чатыры дні пасля выстаўлення ім абвінавачання. А ў снежні 2020 года журналісткі сталіся лаўрэаткамі прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі «Журналіст года». Брытанская праваабарончая арганізацыя «Article 19» у адмысловай заяве падкрэслівае: абвінавачанні, выстаўленыя журналісткам, супярэчаць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека, а іхны пераслед – парушэнне права на свабоду выказвання думкі.

Плошча Пераменаў пераўтварылася ў народны мемарыял. Раман Бандарэнка памёр напярэдадні ўвечары ў шпіталі пасля брутальнага затрымання і збіцця невядомымі. Менск, Беларусь. 13 лістапада 2020 года.
Фота: Белсат

З абаронаю журналістак выступіла Беларуская асацыяцыя журналістаў, ПЭН-цэнтр Беларусі, Асацыяцыя польскіх журналістаў, Нацыянальны саюз журналістаў Украіны і Еўрапейская федэрацыя журналістаў, расейскія няўрадавыя арганізацыі «Свабоднае слова» і ПЭН-Масква. Саюз журналістаў Літвы ўзнагародзіў журналістак прэміяй «Надзея свабоды».

У ліпені 2022 года на закрытым судзе журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву прызналі вінаватай у «здрадзе дзяржаве», ёй прысудзілі 8 гадоў зняволення. Яна застаецца за кратамі.

Чацвёрты дзень суда над журналісткамі «Белсату». Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд: два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

АА belsat.eu

Стужка навінаў