У Расеі па падазрэнні ў масавым забойстве затрымалі былога вагнэраўца


У Карэліі затрыманы былы найміт ПВК Вагнэра 37-гадовы Ігар Сафонаў, які нядаўна вярнуўся з Украіны. Мужчыну падазраюць у забойстве шасці чалавек, паведамляе праект радыё «Свобода» «Поўнач. Рэаліі».

Былы вагнэравец Ігар Сафонаў, якога падазраюць у забойстве шасці чалавек у Карэліі.
Фота: Север. Реалии

Целы шасці жыхароў вёскі Дзеравяннае Прыанескага раёну Карэліі знайшлі ў двух прыватных дамах на адлегласці 200 мэтраў. Усе былі з нажавымі раненнямі. У першым будынку знайшлі целы бацькі і сына, а ў другім – трох мужчынаў і жанчыны. Абодва будынкі спрабавалі спаліць, каб схаваць сляды злачынства, якое адбылося ў ноч з 31 ліпеня на 1 жніўня.

Праз шэсць гадзін паліцыя затрымала падазраваных – 37-гадовага Ігара Сафонава і 38-гадовага Максіма Бачкарова.

Абодва раней адбывалі працяглыя тэрміны пакарання ў адной калоніі: першы – за замах на забойства, разбой і крадзяжы, а другі за згвалтаванне, разбой і крадзяжы. Менавіта ў калоніі Сафонава завербавалі ў ПВК Вагнэра і адправілі ва Украіну для ўдзелу ў баявых дзеяннях. Пасля гэтага Сафонава памілавалі паводле ўказу Уладзіміра Пуціна.

Пра тое, што Сафонаў увесну вярнуўся з зоны баявы дзеянняў, дзе ваяваў у складзе ПВК Вагнэра, распавялі мясцовыя жыхары, а таксама пацвердзіла крыніца з сілавых структураў. Гэта ж пацвярджаюць звесткі са старонкі Сафонава ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». На аватарцы ў мужчыны стаіць лагатып атраду «Шторм Z», на старонцы – некалькі фотаздымкаў, зробленых ва Украіне, на якіх Сафонаў у вайсковай форме і са зброяй, а таксама Z-кантэнт і абразлівыя допісы пра ўкраінцаў.

Следчы камітэт Карэліі распачаў крымінальную справу аб забойстве двух і больш чалавек.

Летась уласнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын асабіста вербаваў наймітаў у калоніях Расеі. Усе, хто пагаджаўся ваяваць, мусілі паўгода заставацца на перадавой, ім пад пагрозай расстрэлу забаранялі адступаць і здавацца ў палон. Тым, хто праз паўгода заставаўся жывы, абяцалі волю. Такім чынам у ПВК Вагнэра, паводле розных ацэнак, завербавалі ад 50 да 70 тысяч наймітаў. Прыгожын казаў, што каля 32 тысяч вагнэраўцаў вярнуліся з фронту і атрымалі памілаванне.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў