У новы санкцыйны спіс ЕЗ увайшлі 3 беларускія прадпрыемствы і 38 фізічных асобаў


Еўразвяз увёў новы пакет санкцыяў супраць афіцыйнага Менску, паведаміла Еўрапейская камісія 3 жніўня. Абмежаванні абумоўленыя ваенным уварваннем Расеі ва Украіну, а таксама ўдзелам Беларусі ў агрэсіі і рэпрэсіяў у краіне. У новы санкцыйны спіс увайшлі 3 беларускія прадпрыемствы і 38 фізічных асобаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Пад санкцыі трапілі тры юрыдычныя асобы. Гэта ААТ «Менскі электратэхнічны завод», ААТ «БМЗ – кіруючая кампанія холдынгу «БМК» і «Белнафтахім».

Сярод фізічных асобаў у санкцыйны спіс уключаны прапагандысты:

  • Ксенія Лебедзева (супрацоўніца тэлеканалу »Беларусь 1«);
  • Вадзім Гігін (дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі);
  • Анастасія Бенедысюк (супрацоўніца АТН);
  • Яўген Пуставой (прапагандыст).

У спіс патрапілі 19 суддзяў, якія выносілі палітычна матываваныя прысуды. Гэта Алена Гормаш, Андрэй Тарасевіч, Ганна Асіпенка, Пётр Арлоў, Святлана Бандарэнка, Таццяна Пірожнікава, Валянціна Зянкевіч, Сяргей Хрыпач, Зінаіда Балаболава, Галіна Кніжонак, Ганна Леўсік, Генадзь Кудласевіч, Іна Паўлоўская, Аляксандр Тараканаў, Дзмітрый Бубенчык, Алег Харашко, Людміла Вашчанка, Уладзімір Давыдаў, Вячаслаў Елісеенка.

Сярод прадстаўнікоў сілавых ведамстваў гэта пракуроры Аляксандр Кароль, Таццяна Гракун, Раман Бізюк і Ірына Падкавырава, следчы Антон Каляга, першы намеснік начальніка Барысаўскага РУУС Міхаіл Мурашкін і намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС Менаблвыканкаму Мікалай Максімовіч.

Таксама ў спіс унеслі начальнікаў калоніяў:

  • Аляксандр Карніенка (былы начальнік калоніі №17 у Шклове);
  • Андрэй Пальчык (былы начальнік калоніі №1 у Наваполацку);
  • Руслан Машадыеў (начальнік калоніі №1);
  • Сяргей Карчэўскі (начальнік рэжымнай часткі калоніі №17);
  • Сяргей Маслюкоў (начальнік выхаваўчай калоніі №2 у Бабруйску);
  • Святлана Паходава (начальнік калоніі №4 у Гомлі);
  • Яўген Бубіч (начальнік калоніі №2);
  • Юрый Васілевіч (начальнік калоніі №14 у Навасадах).

Уведзеныя 3 жніўня санкцыі пашыраюць забарону на экспарт у Беларусь шэрагу тавараў і тэхналогіяў асаблівай важнасці, якія спрыяюць вайскова-тэхналагічнаму развіццю Беларусі. Таксама ўводзіцца дадатковая забарона на экспарт агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, а таксама тавараў і тэхналогіяў, прыдатных для выкарыстання ў авіяцыі і касмічнай прамысловасці.

Hавiны
Новы пакет санкцый – вынік паўгадавой працы. Павел Латушка выказаўся пра пашырэнне санкцыяў
2023.08.03 19:03

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў