TVP: Журналістку Слаўнікаву асудзілі за выкананне прафесійнага абавязку і следаванне працоўнай этыцы


Паўплываць на Лукашэнку можа хіба Пуцін, але казаць пра вырак Слаўнікавай і пераслед журналістаў у Беларусі – абавязак усіх еўрапейскіх арганізацыяў.

Ірына Слаўнікава за хвіліну да прысуду.
Фота: БАЖ / Telegram

У Гомельскім абласным судзе 3 жніўня суддзя Мікалай Доля агучыў прысуд журналістцы TVP Ірыне Слаўнікавай: 5 гадоў калоніі за «Арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» і «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання, або ўдзел у ім». Кіраўніцтва TVP не згоднае з такім прысудам.

«Вырак скандальны, недапушчальны ў сучасным свеце, сучаснай Еўропе, – кажа віцэ-прэзідэнт TVP Матэўш Матышковіч «Белсату». – Беларусь культурна і цывілізацыйна – частка заходняга свету. Немагчыма ўявіць, каб у якой заўгодна іншай краіне Заходняй Еўропы мог быць вынесены такі вырак.

Гэта вырак журналістцы за выкананне працы, за надзейнае выкананне прафесійнага абавязку. За следаванне прафесійнай этыцы, згодна з якой журналіст падае інфармацыю надзейна, праверана і праўдзіва, [згодна з якой журналіст] не можа быць інструментам недэмакратычнага рэжыму, які сее фэйкі і прапаганду».

Матышковіч дадае, што абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» медыяў і ў тым ліку «Белсату» ёсць недапушчальным, але паказвае слабасць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які ўжывае такія рэпрэсіі супраць журналістаў, якія немагчыма ўявіць у еўрапейскай дзяржаве.

Ды цяпер заходнія арганізацыі, у тым ліку журналісцкія, не маюць уплыву на Лукашэнку. Матышковіч разважае: цяпер на Лукашэнку ўплыў мае толькі Уладзімір Пуцін. Але, дадае ён, абавязкам усіх еўрапейскіх арганізацыяў ёсць распаўсюд інфармацыі пра справу Слаўнікавай і іншых зняволеных беларускіх журналістаў.

«Аб’ём рэпрэсіяў, якія дапускае Аляксандр Лукашэнка, масавы, недапушчальны. Гэта мусіць быць бачна ў Еўропе, – працягвае Матышковіч. – Шкада, што вельмі часта Еўропа факусуецца на іншых, часта пабочных тэмах і забывае, што ў самым сэрцы нашага кантыненту дзеяцца рэчы, якіх Еўропа не бачыла некалькі дзесяцігоддзяў».

Беларуская асацыяцыя журналістаў патрабуе скасаваць прысуд Ірыне Слаўнікавай. Беларускія праваабаронцы прызналі яе палітычнай зняволенай праз месяц пасля затрымання. 2 жніўня, калі чакаўся прысуд, калегі палітзняволенай зладзілі каля прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Варшаве пікет на знак салідарнасці з Ірынай і ўсімі журналістамі, якіх пазбавілі ў Беларусі свабоды.

Артыкулы
Яна сабе не здраджвае: пра што піша журналістка Ірына Слаўнікава з-за кратаў
2022.08.03 08:00

belsat.eu

Стужка навінаў