Улады Кітайскай Народнай Рэспублікі 3 жніўня ўвялі санкцыі супраць Тайваню. Яны сталі адказам на прылёт на востраў, які КНР лічыць уласнай тэрыторыяй, спікеркі Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлоўсі.
Як паведамляе Aljazeera, Пекін вырашыў прыпыніць пастаўкі пяску Тайваню. Таксама прыпыненыя дазволы на імпарт цытрусавых і некаторых відаў рыбы з Тайваню ў мацерыковы Кітай.
Апроч таго, уведзеныя наўпроставыя санкцыі супраць арганізацыяў «Тайваньскі фонд дэмакратыі» і «Фонд міжнароднай супрацы і развіцця», іх даччыных структураў і асобаў, якія зрабілі ахвяраванні на адрас фондаў. Пекін абвінавачвае іх у сепаратысцкай дзейнасці і падрыве міжнароднага аўтарытэту КНР.
Між тым спікерка Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлоўсі сустрэлася з прэзідэнткай Тайваню Цай Ін Ўэнь і выказала поўнае падтрыманне ўладам востраву. Паводле яе, візіт мае за мэту бяспеку і эканамічную супрацу.
«Сёння наша дэлегацыя… прыбыла на Тайвань, каб недвухсэнсоўна даць зразумець, што мы не адмовімся ад сваіх абавязкаў перад Тайванем, і мы ганарымся нашым трывалым сяброўствам», – заявіла Пэлоўсі.
У сваю чаргу Цай Ін Ўэнь запэўніла амерыканскі бок у тым, што Тайвань адданы падтрыманню міру і стабільнасці, застаецца надзейным і годным даверу партнёрам ЗША. Паводле яе, Тайвань таксама працягне ўмацоўваць сваю абароназдольнасць, каб «цвёрда адстойваць суверэнітэт нашай краіны і працягваць бараніць дэмакратыю».
2 жніўня самалёт Нэнсі Пэлоўсі, нягледзячы на пагрозы з боку КНР, у тым ліку вайсковыя, прызямліўся ў сталіцы Тайваню. Раней Кітай назваў магчымы візіт прадстаўніцы ЗША ў Тайвань «парушэннем тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Кітаю» і прыгразіў сур’ёзнымі наступствамі.
Якуб Хруст belsat.eu