Чаму Тайвань стаў «парахавой бочкай» праз візіт Пэлоўсі і чым гэта можа скончыцца


Кітай адказаў на візіт спікеркі Палаты прадстаўнікоў ЗША ў Тайвань «занепакоенасцю», вайсковымі вучэннямі і санкцыямі. Пэлоўсі прыляцела 2 жніўня, правяла сустрэчы на высокім узроўні і зляцела днём 3 жніўня. Чаму наогул вакол візіту было такое напружанне і ці чакаць вайны?

Нэнсі Пэлоўсі на сустрэчы з прэзідэнткай Тайваня Цай Ін Ўэнь. 3 жніўня 2022 года.
Фота: Nancy Pelosi / Twitter

Што адбываецца

Спікерка Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу Злучаных Штатаў Нэнсі Пэлоўсі прыляцела ў Тайвань вечарам 2 жніўня. Кітай быў вельмі супраць, пагражаў «наступствамі». Некаторыя нават баяліся, што Кітай выканае пагрозу і саб’е самалёт з Пэлоўсі. Ад рэкорднага наплыву наведнікаў ледзь не паваліўся сайт сачэння за палётамі «FlightRadar24».

І так было ў другі раз за менш як тыдзень. Былі чуткі, што Пэлоўсі паляціць у Тайвань у мінулую суботу, было масавае сачэнне за маршрутам самалёта і засцярогі аб ледзь не Трэцяй сусветнай вайне. Ды тады Пэлоўсі прызямлілася на Гаваях. Але жартавалі, што раз у Косаве крызіс з пагрозай вайны, дык мо Пэлоўсі таемна прыляцела туды.

Але 2 жніўня Пэлоўсі напраўду прыляцела ў Тайвань, правяла сустрэчы і перамовы на высокім узроўні, днём 3 жніўня зляцела.

Улады Кітаю адказалі спачатку проста «занепакоенасцю», але даволі хутка распачалі няпланавыя вайсковыя вучэнні ў шасці зонах вакол вострава, якія часткова закранаюць тэрытарыяльныя воды Тайваня. Нават кажуць, што стрэлы кітайскіх караблёў чуваць з тайваньскага берага.

Таксама Пекін вырашыў прыпыніць пастаўкі пяску Тайваню. Таксама прыпыненыя дазволы на імпарт цытрусавых і некаторых відаў рыбы з Тайваня ў мацерыковы Кітай.

Чаму такая рэакцыя Пекіна

Афіцыйная назва Тайваня – Кітайская рэспубліка. Мацерыковы ж Кітай называе сябе Кітайскай Народнай Рэспублікай. І тайваньскія ўлады, і камуністы ў Пекіне лічаць сябе адзінай законнай уладай над адзінай непадзельнай краінай, у склад якой уваходзіць як тэрыторыя КНР, так і востраў Тайвань. Такая сітуацыя – з 1949 года, калі камуністы перамаглі ў грамадзянскай вайне ў Кітаі, а стары ўрад эвакуяваўся на востраў. Тайвань не хоча трапляць пад уладу камуністаў – асабліва пабачыўшы, як «кітаізуюць» Ганконг.

Аналітыка
Два Кітаі: ад халоднага міру да магчымай вайны
2022.08.02 19:21

КНР па-ранейшаму не выключае правядзення ваеннай аперацыі для захопу Тайваня. Але аналітыкі сумняюцца, што Пекін пойдзе на гэта: супраць амаль паўмільёна патэнцыйных абаронцаў Тайваня давядзецца скарыстаць больш як палову арміі Кітаю, якую яшчэ трэба пераправіць тысячамі караблёў на востраў, які ЗША паслядоўна абяцаюць бараніць.

Ды неяк адказаць трэба. Шмат хто з экспертаў згадвае, што ў другой палове года мае прайсці 20-ы кангрэс Камуністычнай партыі Кітаю, на якім дзейны старшыня КНР Сі Цзінь Пін будзе балатавацца на трэці тэрмін у парушэнне традыцыі – змены ў Канстытуцыю, якія дазваляюць Сі ісці на трэці тэрмін, прынялі толькі ў 2018 годзе. Кангрэс будзе адбывацца на фоне фінансавага крызісу і сумнеўнай жорсткай палітыкі барацьбы з каронавірусам. Палітычная параза адносна Тайваня, якому Сі надае шмат увагі, пагоршыць ягоныя шанцы на перавыбранне.

Урэшце, пытанне прызнання Тайваня для Пекіна настолькі прынцыповае, што калі летась у Вільні адкрылася прадстаўніцтва Тайваня пад «няправільнай» назвай (Пекін дапускае існаванне прадстаўніцтваў Кітайскага Тайбэя як гораду, але не Тайваня як краіны), Кітай выгнаў літоўскіх дыпламатаў і ўвёў санкцыі. Але і ў Тайвані ад канфлікту Вільні з Пекінам пачалася «літваманія».

Навошта гэта Пэлоўсі

Фармальна Штаты прытрымліваюцца пазіцыі Пекіну адносна Тайваня, палітыкі «адзінага Кітаю». Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн не падтрымліваў візіт Пэлоўсі і казаў са спасылкай на вайскоўцаў, што гэта «кепская ідэя». Але пры тым у Штатах адзначаюць, што выканаўчая ўлада (Белы дом і асабіста Байдэн) не можа кіраваць заканадаўчай (да якой адносіцца спікерка Кангрэсу).

Для Пэлоўсі гэта першы візіт у Тайвань, для Тайваня – першы візіт амерыканскага чыноўніка такога ўзроўню з 1997 года, калі востраў наведаў тагачасны спікер Палаты прадстаўнікоў ЗША Ньют Гінгрыч. Але Пэлоўсі і раней падтрымлівала стасункі з афіцыйным Тайванем і дысідэнтамі з Кітаю – у яе наогул доўгая гісторыя процістаяння камуністычнаму Кітаю. 30 гадоў таму яна нават ладзіла акцыю пратэсту падчас візіту ў Пекін, стаяла з самаробным плакатам на плошчы Цяньаньмэнь.

Аналітыкі адзначаюць, што візіт Пэлоўсі адбываецца перад парламенцкімі выбарамі ў ЗША, прызначанымі на лістапад. На гэтых выбарах Дэмакратычная партыя (да якой належаць і Пэлоўсі, і Байдэн) можа страціць або захаваць бальшыню ў Палаце прадстаўнікоў і Сенаце.

Сама Пэлоўсі, якой ужо 82 гады, не збіраецца выстаўляць сваю кандыдатуру на тых выбарах, але такім візітам яна можа прадэманстраваць прыхільнасць Дэмакратычнай партыі процістаянню аўтакратам. Цяпер Рэспубліканская партыя, якая звычайна крытыкуе дэмакратаў за надта мяккую палітыку адносна Кітаю, хваліць Пэлоўсі.

Што далей?

У эфіры «Белсату» старэйшы навуковы супрацоўнік Бруклінскага інстытуту Лі Чэнг тлумачыць: канфлікт між Кітаем і Тайванем паўплывае на міжнародную супольнасць у разы мацней, чым расейска-ўкраінская вайна, бо ў канфлікт будуць уцягнутыя дзве «звышдзяржавы», Кітай і ЗША. Эканамічныя наступствы тады будуць разбуральнымі, бо Кітай значна больш звязаны з міжнароднай эканамічнай сістэмай, чым Расея. Ды экспертка па Усходняй Азіі Наталля Бутырская прагназуе, што наступствы візіту будуць сур’ёзнымі, бо кітайскую прапагандысцкую хвалю цяжка спыніць, але і Кітаю, і Штатам трэба «захаваць твар».

Прафесар Давід Маўрысіё Кастрылён Кэгыган, даследчык палітыкі ЗША і Кітаю, кажа, што рашэнне Пэлоўсі наведаць Тайвань «стварае вялікую нестабільнасць, калі свет заклікае да рашэнняў, а не праблемаў». А заснавальнік «Asian Affairs» Серж Бэрцьё адзначае, што Пэлоўсі не можа нічога даць Тайваню ці атрымаць ад візіту, а толькі можа заявіць аб падтрымцы вострава Штатамі.

Палітолаг Яўген Красулін разважае: больш імаверна, што нічога страшнага не магло адбыцца, абодва бакі проста выказалі свае прэтэнзіі загадзя. Байдэн на мінулым тыдні размаўляў з Сі Цзіньпінам па тэлефоне, калі візіт Пэлоўсі ўжо быў анансаваны, і Сі тады выбраў спакойную пазіцыю.

У кітайскай сацсетцы «Weibo», адзначае ён, «разганяецца істэрыя» і хваля «падтрымкі» пазіцыі афіцыйнага Пекіну, ды пры тым меркаванні пра мірны і ваенны шлях рашэння падзеленыя «50 на 50», масавай падтрымкі нападу на Тайвань не відаць.

«Абодва бакі пільна і ўважліва ўзважваюць усе магчымыя наступствы сілавой спробы вырашэння, – кажа Красулін. – І пакуль абодва бакі схіляюцца да таго, што гэта непрымальны варыянт».

Але Красулін згадвае прынцып драматургіі: калі на сцэне вісіць зараджанае ружжо, яно абавязкова стрэльне. Калі такая напружанасць здараецца, то можа адбыцца нават нешта выпадковае, што справакуе вайну – тым больш, у 1937 годзе японска-кітайская вайна пачалася з дробнай сутычкі.

Гісторыі
7 абсурдных нагодаў для пачатку вайны: вядро, футбол, свіння…
2022.02.04 07:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў