Літоўцы затрымалі кантрабандныя цыгарэты з Беларусі яшчэ на € 1,9 млн


Кантрабанду хавалі сярод дыняў і морквы.

Літоўскія мытнікі затрымалі кантрабандныя цыгарэты з Беларусі на € 1,9 млн.
Фота: lrmuitine.lt

Літоўская мытня паведаміла 3 жніўня, што мытнікі затрымалі ў мінулы чацвер яшчэ адну буйную партыю кантрабандных цыгарэтаў, якія везлі з Беларусі.

Раніцай 29 ліпеня грузавік «Volvo» прыбыў на пункт пропуску «Лаворышкес» (з беларускага боку па дарозе – «Котлаўка»). Кіроўца, грамадзянін Расеі, заявіў, што вязе транзітам праз Літву 1500 скрыняў морквы і дыняў.

Аднак пры рэнтгенаўскім аглядзе машыны выявілі нешта дзіўнае. Аказалася, за морквай і дынямі былі 1200 скрыняў беларускіх цыгарэтаў. Партыю ацанілі на € 1,9 млн. Кіроўцу арыштавалі на месяц, вядуць расследаванне.

У той жа дзень яшчэ 40 скрыняў з 20 тысячамі пачак беларускіх цыгарэтаў выявілі ў вагоне з друзам, які прыбыў з Беларусі ў чыгуначны пост «Кена». Гэтую партыю ацанілі ўсяго на € 64 тыс.

Hавiны
У Літве затрымалі партыю беларускіх цыгарэт на 3,6 мільёна еўра
2021.07.28 18:01

За дзень да затрымання гэтых партыяў, 28 ліпеня, літоўскія мытнікі паведамілі пра затрыманне кантрабанднай партыі беларускіх цыгарэтаў на € 3,6 млн. А 29 ліпеня ўжо палякі расказалі пра затрыманне партыі беларускіх цыгарэтаў на $ 2,3 млн, пры тым скрыні на фота палякаў і літоўцаў былі надзіва падобныя.

За першае паўгоддзе 2021 года ў Літве агулам затрымалі кантрабандных цыгарэтаў на € 31,8 млн, і тры чвэрці з таго – беларускія цыгарэты.

У траўні польскія мытнікі затрымалі рэкордную партыю беларускіх кантрабандных цыгарэтаў – яе ацанілі аж на $ 9,7 млн.

АА belsat.eu

Стужка навінаў