Спартыўны дырэктар ФК «Нёман» пакінуў клуб пасля затрымання


Спартыўны дырэктар футбольнага клуба «Нёман» Дзмітрый Кавалёнак пакінуў сваю пасаду. Верагодна, яго звольнілі. Пра гэта паведамляе спартыўны партал Tribuna.com. Раней яго затрымлівалі за «экстрэмісцкія» падпіскі.

Дзмітрый Кавалёнак. Крыніца: tribuna.com

Пра затрыманне былога футбаліста Дзмітрыя Каваленкі стала вядома 28 чэрвеня. Як потым сцвярджалі сілавікоў, ён удзельнічаў у пратэстах пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і распаўсюджваў «экстрэмісцкія» матэрыялы. У «пакаянным» відэа, запісанае сілавікамі, Дзмітрый казаў, што быў затрыманы за падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы ў сацсетках, якія не паспеў выдаліць.

На наступны дзень спартовага дырэктара «Нёмана» адпусцілі. Па інфармацыі «Трыбуны», выйсці на волю Кавалёнку дапамог званок галоўнага трэнера каманды Ігара Кавалевіча. Вядома, што 29 чэрвеня ён быў ужо на волі. Ці будзе над Кавалёнкам рэжымны «суд» – пакуль таксама пытанне без адказу. Аднак, магчыма, звальненне і стала ягоным «пакараннем».

Пасля затрымання экс-футбаліста з’явілася інфармацыя, што гэта нібыта самі гульцы каманды «здалі» яго сілавікам. Аднак мноства крыніц, не звязаных адна з адной, далі «Трыбуне» гарантыі: «ніхто з футбалістаў «Нёмана» не здаваў Кавалёнка, што б ні казалі сілавікі, бо такога проста не можа быць – Дзмітрыя паважаюць усе супрацоўнікі, гульцы і трэнеры клуба, ды і за яго межамі стаўленне такое ж».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў