Святлана Ціханоўская абмеркавала ў Ісландыі дапамогу медыям і ўстаноўку помніка Торвальду


Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы з прэзідэнтам Ісландыі.
Фота: Светлана Тихановская / Telegram

Святлана Ціханоўская здзейсніла працоўны візіт у Ісландыю. Галоўнымі тэмамі ўсіх сустрэч было тое, як Ісландыя можа дапамагчы незалежным медыям, рабочым, лекарам і ўсёй грамадзянскай супольнасці Беларусі ва ўмовах узмацнення рэпрэсіяў.

Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам, прэм’ер-міністрам, міністрам замежных спраў і прадстаўнікамі парламенту Ісландыі.

Святлана Ціханоўская падкрэсліла важнасць таго, каб санкцыі ў дачыненні да рэжыму былі хуткімі і эфектыўнымі, бо рэпрэсіі ўзмацняюцца. Яна распавяла гісторыі палітвязняў, згадала велізарны паток нелегальных мігрантаў на мяжы з Літвой як рэакцыю рэжыму на актыўную падтрымку літоўскім урадам беларусаў.

Таксама абмяркоўвалася ўзмацненне дапамогі медыям, тэлеграм-каналам і YouTube-праектам, стыпендыі і навучальныя праграмы для рэпрэсаваных студэнтаў. Ціханоўская распавядала пра самаарганізацыю беларусаў: «Рабочы рух», праект тэлемедыцыны, самвыдат. Кіраўнік ісландскага МЗС спытаў спіс канкрэтных дзеянняў, якія Ісландыя можа зрабіць для беларусаў.

Бакі абмяркоўвалі ўключэнне пытання Беларусі ў парадак дня АБСЕ, Паўночна-Балтыйскай васьмёркі і Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ).

Датычна экспарту морапрадуктаў у Беларусь, Ціханоўская падкрэсліла важнасць празрыстасці вядзення бізнесу і павагі да правоў чалавека.

З прэзідэнтам Ісландыі абмяркоўвалася таксама і ўстаноўка помніка ісландцу Торвальду Вандроўніку, які быў у ліку першых хрысціцеляў Беларусі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў