Будоўлю на месцы былога аўтавакзалу «Маскоўскі» хочуць аднавіць – там маюць з'явіцца бізнес-апартаменты


На месцы былога аўтавакзалу «Маскоўскі» ў Менску, на скрыжаванні вуліцы Філімонава і праспекту Незалежнасці, зноў распачнецца будоўля. Гэта вынікае з указу Лукашэнкі № 162 ад 1 чэрвеня аб унясенні змяненняў ва ўказ 2013 года аб будаўніцтве «Газпром-Цэнтру». Дакумент быў апублікаваны 3 чэрвеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь.

Будоўля на месцы былога аўтавакзалу «Маскоўскі».
Фота: realt.by

Указ вызваляе ААТ «Газпром трансгаз Беларусь» ад аплаты пені за невыкананне тэрміну рэалізацыі інвестыцыйнага праекту. Таксама кампанія вызваляецца ад арэнднай платы за зямельны ўчастак, на якім будзе стаяць комплекс, з 1 ліпеня 2023 года да 31 снежня 2028 года.

Тэрмін рэалізацыі праекту працягваецца да 2027 года.

Цяпер у «Газпром-Цэнтры» плануецца будаваць бізнес-апартаменты ці шматфункцыянальныя памяшканні, пры іх будаўніцтве можна кіравацца нормамі і правіламі для памяшканняў адміністрацыйнага прызначэння ды для жылых памяшканняў.

Аналітыка
Даўгабуды Менску: чыя гэта безгаспадарлівасць і што з імі рабіць? Гутарым з урбаністкай
2022.08.29 08:31

Уласнікі, арандатары бізнес-апартаментаў і чальцы іхных сем’яў, блізкія сваякі змогуць рэгістравацца ў гэтых памяшканнях.

У той жа час, згодна з інвестыцыйнай дамовай аб будаўніцтве комплексу, інвестар мае права на змяненне функцыянальнага складу шматфункцыянальнага комплексу, ягоных асобных частак, у тым ліку да сканчэння будаўніцтва. Змены павінны ўзгадняцца з Менгарвыканкамам і не мусяць прыводзіць да змяншэння аб’ёму інвестыцыяў.

Аўтавакзал «Маскоўскі» знеслі ў 2015 годзе, нягледзячы на крытыку гэтай ідэі ў грамадстве і медыях. Планавалася, што на яго месцы пабудуюць самы высокі ў Менску хмарачос вышынёй 189 метраў. Будаўніцтва ацэньвалася амаль на мільярд долараў і павінна было скончыцца да 2018 года.

Аднак у снежні 2016 года будаўніцтва замарозілі і аднавілі ў 2018-м, калі з’явіўся новы генпадраднік – італьянская кампанія «Codest International». У 2021 годзе працы зноў спыніліся.

Hавiны
Улады вызначылі лёс двух даўгабудаў у Менску: адзін дабудуюць, другі знясуць
2023.01.30 13:44

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў