У Крамлі паведамілі пра атаку беспілотнікаў на рэзідэнцыю Пуціна


У ноч на 3 траўня Украіна паспрабавала нанесці ўдар беспілотнікамі па крамлёўскай рэзідэнцыі Пуціна, паведаміла прэс-служба Крамля. Атаку назвалі «спланаванай тэрарыстычнай акцыяй» і «замахам на прэзідэнта», аднак у самой Украіне пра гэта нічога не ведаюць.

Паводле інфармацыі прэс-службы, два беспілотныя лятальныя апараты былі накіраваныя на Крэмль, але іх спынілі. «У выніку зробленых вайсковымі і спецыяльнымі службамі своечасовых дзеянняў з прымяненнем сістэмаў радыёлакацыйнай барацьбы апараты былі выведзеныя са строю», – заявілі ў Крамлі.

«Расцэньваем гэтыя дзеянні як спланаваную тэрарыстычную акцыю і замах на прэзідэнта Расейскай Федэрацыі, праведзеныя напярэдадні Дня Перамогі, Параду 9 траўня, на якім плануецца прысутнасць і замежных гасцей», – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Уначы маскоўскія тэлеграм-каналы паведамлялі, што ў раёне Крамля прагучалі два выбухі, якія былі падобныя да грому. Жыхары дому на набярэжнай таксама расказалі, што бачылі іскры ў небе.

У Крамлі заявілі, што Расея пакідае за сабой права адказаць на спробу ўдару па Крамлі – дзе і калі палічыць патрэбным.

Пацярпелых і матэрыяльнай шкоды няма, Уладзімір Пуцін у выніку атакі не пацярпеў, графік ягонай працы не зменены, паведамляе прэс-служба Крамля. Аднак на апублікаваных пасля збіцця дрону відэа бачна, што адбылося загаранне даху Сенацкага палацу.

Аднак ва Украіне заявілі, што не валодаюць інфармацыяй пра начныя атакі на Крэмль. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар прэзідэнта Украіны Сяргей Нікіфараў, перадае «BBC Украіна». Паводле яго, Уладзімір Зяленскі неаднаразова заяўляў, што Украіна накіроўвае ўсе наяўныя сілы і сродкі на «вызваленне сваіх тэрыторыяў, а не на напад на чужыя».

«Здзіўляюць фармулёўкі дзяржавы-тэрарыста. Тэракт – гэта разбураныя пад’езды дамоў у Дняпры і Умані або ракетны абстрэл вакзалу ў Краматорску і многія іншыя трагедыі. А тое, што адбылося ў Маскве, відавочна нагнятанне сітуацыі перад 9 траўня. Чаканы прыём ад нашых праціўнікаў», – заявіў Нікіфараў.

Пасля інцыдэнту мэр Масквы Сяргей Сабянін заявіў, што над горадам з 3 траўня забаронены запуск беспілотнікаў. Рашэнне прынятае, каб прадухіліць несанкцыянаванае выкарыстанне беспілотнікаў, якія могуць абцяжарыць працу праваахоўных органаў. Выключэнне складуць дроны, якія выкарыстоўваюцца на рашэнне органаў улады, заявіў Сабянін і нагадаў, што несанкцыянаваны запуск БПЛА ёсць правапарушэннем і цягне адміністратыўную і крымінальную адказнасць.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў