У Ірпіні знойдзены целы 290 мясцовых жыхароў. З іх 105 застаюцца неапазнанымі


У Ірпіні знойдзены целы 290 мясцовых жыхароў, эксгумаваных для экспертызы і перапахавання, заявіла Генеральны пракурор Украіны Ірына Вэнэдзіктава.

З іх 105 да цяперашняга часу застаюцца неапазнанымі.

Ірына Вэнэдзіктава.
Фота: Getty Images

«Пракуроры і следчыя зафіксавалі прымяненне ворагам па мірным насельніцтве супрацьпяхотных мін, мінамётных мін 72 мм і 120 мм калібру, аэробалістычных ракет «Іскандэр-М», шрапнельных снарадаў, забяспечаных стрэлападобнымі паражаючымі элементамі, што з’яўляецца парушэннем ваеннаслужачымі Жэнеўскай канвенцыі», – распавяла Генпракурор Украіны.

Паводле слоў Вэнэдзіктавай, падчас агляду месца здарэння для правядзення судова-медыцынскай экспертызы дастаўлена 290 цел: 161 мужчына, 73 жанчыны, 1 дзіця і 55 чалавечых астанкаў.

Ужо апазнаны 185 цел, а 105 – да цяперашняга часу застаюцца неапазнанымі. Часткова завершана правядзенне судова-медыцынскіх экспертыз.

«Вы сабе ўяўляеце, што, калі мы ў ХХІ стагоддзі, у цэнтры вельмі еўрапейскага, цудоўнага ахайнага гораду, гаворым цяпер такія рэчы… І нават мы не можам сказаць аб целах – мы гаворым аб чалавечых астанках», – сказала Генпракурор.

Ірына Вэнэдзіктава дадала, што прычынай смерці ў 35 чалавек зʼяўляюцца аскепкавыя раненні, у 40 – агнястрэльныя раненні. У адносінах да 5 чалавек пацвердзілі прычынай смерці закрытыя чэрапна-мазгавыя траўмы. У 110 трупаў не маглі высветліць прычыну смерці, таму што доўжыцца судова-медыцынская экспертыза.

Забітыя расейскімі вайскоўцамі мясцовыя жыхары гораду Ірпінь, Украіна. 3 красавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

Следчыя і пракуроры дапыталі 228 жыхароў Ірпіня ў якасці сведак учынення злачынстваў расейцаў. Падчас допытаў пракуроры пацвердзілі 7 месцаў масавых расстрэлаў грамадзян і месцаў іх пахавання.

Раней украінскія праваахоўнікі пацвердзілі гібель 1222 жыхароў Кіеўскай вобласці ад рук расейскіх вайскоўцаў.

Абноўлена
Генпракурор Украіны: «Першы падазраваны ў справе аб забойствах у Бучы – нарадзінец Мазыра»
2022.05.02 18:03

АД belsat.eu

Стужка навінаў