КДБ: Фігурантам справы аб дыверсіі ў Мачулішчах можа пагражаць смяротнае пакаранне


Фігурантам крымінальнай справы па факце інцыдэнту на аэрадроме ў Мачулішчах можа пагражаць смяротнае пакаранне. Тады з дапамогаю дронаў быў атакаваны расейскі вайсковы самалёт. Пра гэта прадстаўнік Камітэту дзяржбяспекі паведаміў тэлеканалу ОНТ.

Спадарожнікавы здымак расейскага самалёта-лакатара, як сцвярджаюць, пасля атакі на аэрадром у Мачулішчах. 28 лютага 2023 года.
Фота: Gianluca Mezzofiore / Twitter

У эфіры ОНТ паведамілі, што падрыў самалёта быў ажыццёўлены «арганізаванаю групаю пад кіраваннем замежных спецслужбаў». У справе праходзяць каля 30 чалавек: «людзі, якія дапамагалі і спрыялі Швецу», затрыманне якога паказвалі ў дзяржаўных каналам. Нібыта большая частка з іх дзеяла ў Беларусі, але некаторыя працавалі з-за мяжы.

«Згодна з ч. 9 арт. 16 Крымінальнага кодэксу Беларусі, усе ўдзельнікі арганізаванай групы, незалежна ад ролі ў здзейсненым злачынстве, прызнаюцца выканаўцамі. У сувязі з гэтым усім фігурантам крымінальнай справы выставілі абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэксу Беларусі – «Акт тэрарызму, учынены арганізаванаю групаю». Санкцыі гэтага артыкулу прадугледжваюць пакаранне аж да смяротнага пакарання», – заявіў намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак.

Нагадаем: 26 лютага ініцыятыва «BYPOL» заявіла пра напад дронаў на расейскі самалёт разведчык ДРЛА А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах і апублікавала відэа з лётнішча, знятае дронам. Улады Беларусі прызналі атаку на самалёт, назваўшы інцыдэнт тэрактам, і заявілі пра затрыманне грамадзяніна Украіны Мікалая Швеца, які нібыта працаваў на СБУ. На «Беларусь 1» паказалі ягоны заезд у Беларусь і пацвердзілі затрыманне ў доме Настассі і Алега Сычовых. У раёне Мачулішчаў таксама прайшлі затрыманні.

Акрамя гэтага, агучылі іншыя прозвішчы асобаў, нібыта датычных да выбухаў. У прыватнасці, прагучала імя Ліліі Шарай, а таксама ейнай стрыечнай сястры Алы Яцуты. Гэтыя жанчыны, паводле версіі тэлеканалу, завербаваныя СБУ. Пасля спробы дыверсіі, паводле БТ, няўдалай, Яцута выехала з Беларусі. Таксама пакінула нашую краіну і яшчэ адна асоба, датычная да дыверсіі, нехта Дзёмін.

Мікалай Швец, які, паводле дзяржаўных медыяў, датычны да дыверсіі ў Мачулішчах. Крыніца: БелТА

7 сакавіка Аляксандр Лукашэнка ўпершыню пракаментаваў інцыдэнт з расейскім самалётам у Мачулішчах і заявіў пра затрыманне больш як 20 чалавек, якія маюць дачыненне да атакі. Выканаўцам ён назваў нарадзінца Крывога Рогу з украінскім і расейскім пашпартамі. У арганізацыі дыверсіі Лукашэнка абвінаваціў СБУ і Сі-Ай-Эй (ЦРУ).

Праваабаронцы таксама паведамлялі аб прынамсі 20 затрыманых.

У Офісе Зяленскага тады заявілі, што за атакаю стаяць беларускія партызаны.

Аналітыка
«Выклік кінуты». Як Лукашэнка будзе помсціць за Мачулішчы?
2023.03.10 07:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў