Целы расстраляных на вуліцах, брацкія магілы: наступствы расейскай агрэсіі ў Бучы


На Кіеўшчыне, у вызваленых з-пад расейскай акупацыі раёнах, фіксуюць злачынствы, імаверна учыненыя расейскімі войскамі.

Буча, са словаў мэра гораду Анатолія Фэдарука, зруйнаваная. У брацкай магіле там пахавалі 280 чалавек, але шмат трупаў яшчэ застаецца на вуліцах. Шмат на якіх целах былі павязкі, якімі людзі паказвалі акупантам, што не маюць зброі. Паводле Фэдарука, усіх гэтых людзей расстралялі – ім стралялі ў патыліцу. Сярод загінулых ёсць 14-гадовы хлопчык.

Наступствы расейскай агрэсіі ў Бучы.
Фота: Оперативний ЗСУ/Telegram
Наступствы расейскай агрэсіі ў Бучы.
Фота: Оперативний ЗСУ/Telegram

Шмат людзей былі забітыя, калі яны спрабавалі ўцячы з гораду праз раку Бучу, каб апынуцца на падкантрольнай Кіеву тэрыторыі.

«Гэтыя людзі не былі вайскоўцамі. У іх не было зброі. Яны не ўяўлялі пагрозы. Колькі яшчэ такіх выпадкаў адбываецца цяпер на акупаваных тэрыторыях?» – піша дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк.

Паводле Фэдарука, шмат целаў пакуль яшчэ застаюцца на вуліцах, таму што ў горадзе працуюць сапёры. Забіраць і хаваць загінулых збіраюцца праз 3–4 дні, калі вайсковая адміністрацыя дазволіць гэта зрабіць пасля размініравання. Колькі агулам людзей загінула ў Бучы, пакуль невядома.

Наступствы расейскай агрэсіі ў Бучы.
Фота: Оперативний ЗСУ/Telegram
Наступствы расейскай агрэсіі ў Бучы.
Фота: Оперативний ЗСУ/Telegram

Міністэрства абароны Украіны таксама паведамляе, што каля трасы за 20 кіламетраў ад Кіева знайшлі аголеныя целы 4–5 жанчын, якіх акупанты збіраліся спаліць проста на ўзбоччы дарогі.

Наступствы расейскай агрэсіі ў Бучы.
Фота: Оперативний ЗСУ/Telegram
Наступствы расейскай агрэсіі ў Бучы.
Фота: Оперативний ЗСУ/Telegram

25 сакавіка Расея заявіла, што засяродзіцца найперш на Данбасе, пасля чаго пачала паступова выводзіць свае сілы з Кіеўшчыны. 28 сакавіка ўкраінскія вайскоўцы аднавілі кантроль над Ірпінём, а 31 сакавіка – над Бучай.

Урад Велікабрытаніі збірае доказы вайсковых злачынстваў ва Украіне.

«Мы абураныя зверствамі ў Бучы і іншых гарадах Украіны. Паведамленні аб нападах расейскіх войскаў на ні ў чым не вінаватых мірных жыхароў выклікаюць агіду. Велікабрытанія супрацоўнічае з іншымі над зборам доказаў для звароту ў Міжнародны крымінальны суд для расследавання вайсковых злачынстваў. Вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці», – напісала ў сваім Твітары міністарка замежных справаў Велікабрытаніі Ліз Трас.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў