Тайвань у 15 разоў павысіў штрафы за абыход санкцыяў у гандлі з Беларуссю і Расеяй


Гандлёвае ўпраўленне Міністэрства эканомікі Тайваня ў 15 разоў павялічыла жорсткасць пакарання за незаконны экспарт у Беларусь і Расею. Пра гэта паведамілі ў тайваньскім ведамстве.

сцяг Тайвані
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: vm.ru

Мясцовым кампаніям, якія пастаўляюць сваю прадукцыю ў абыход санкцыяў, цяпер пагражае штраф у памеры каля 140 тысячаў долараў.

Міністэрства таксама папрасіла вытворцаў разарваць сувязі і пацвердзіць забарону на экспарт высокатэхналагічных тавараў у Расею і Беларусь, нагадаўшы аб патрабаванні дэклараваць канчатковага пакупніка пры продажы тавараў праз рызыкоўныя трэція краіны (Турэччыну, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, краіны Цэнтральнай Азіі і іншыя).

Улады Тайваня падкрэсліваюць, што ад міжнароднай рэпутацыі тайваньскіх бізнесменаў залежаць будучыя глабальныя продажы.

Прычынай для новых абмежаванняў стала інфармацыя пра тое, што расейскі вытворца зброі выкарыстоўваў перавалку ў трэцюю краіну тавараў для пераабсталявання тайваньскіх станкоў з мэтай нарошчвання ваеннай вытворчасці.

Тайвань увёў санкцыі ў 2022 годзе супраць Беларусі і Расеі за ўдзел іх уладаў у вайне супраць Украіны. У прыватнасці, пад абмежаванне паставак трапілі тэлекамунікацыйнае абсталяванне, працэсары, чыпы памяці, частотна-рэгуляваныя прывады падвойнага прызначэння, абсталяванне для вытворчасці паўправаднікоў. Гэты спіс перыядычна пашыраецца. Напрыклад, з 25 студзеня 2024 года ўлады Тайваню пашырылі абмежаванні на экспарт 45 відаў тавараў у Беларусь і Расею.

Тым часам улады Беларусі 13 студзеня заявілі, што не прызнаюць самастойнасць Тайваню і цвёрда падтрымліваюць «прынцып «аднаго Кітая», які зʼяўляецца залогам стабільнасці і ўстойлівага развіцця ўсяго рэгіёну».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў