«Усё роўна мы ўсе тутбаеўцы». Як жыве «экстрэмісцкая» рэдакцыя Zerkalo.io ў «вымушанай камандзіроўцы»


Ганна Калтыгіна расказала, як рэдакцыя трымае маральную і прафесійную сувязь з Беларуссю і калі чакае вяртання на радзіму.

Ганна Калтыгіна, выканаўца абавязкаў галоўнага рэдактара выдання Zerkalo.
Фота: Белсат

Частка працаўнікоў TUT.by з’ехала за мяжу і ў ліпені 2021 года запусціла новае выданне пад назвай Zerkalo.io, якое нагадвае TUT.by, але з усіх сэрвісаў засталіся толькі навіны. Праз месяц улады назвалі «экстрэмісцкімі» матэрыялы і TUT.by, і Zerkalo.io. Цяпер Zerkalo.io просіць у чытачоў фінансава падтрымаць рэдакцыю.

Рэдакцыяй Zerkalo.io кіруе Ганна Калтыгіна – на TUT.by яна была рэдактаркай аддзелу навінаў, а на Zerkalo.io называе сябе выканальніцай абавязкаў галоўнага рэдактара. Яна кажа «Белсату»: усё роўна адчувае, што працуе на TUT.by: засталася значная частка старой каманды і «ўсё роўна мы ўсе тутбаеўцы». А як гэта – працаваць «двойчы экстрэмістам», калі калегі ў няволі?

Працаваць дзеля Беларусі з-за мяжы складана, але не немагчыма

У выніку закрыцця TUT.by, пераезду, адкрыцця новага выдання і «экстрэмісцкага» статусу схема працы выдання змянілася цалкам. Калі працавалі ў Беларусі, маглі рабіць рэпартажы, атрымліваць каментары афіцыйных асобаў. Прысутнасці ў Беларусі бракуе.

Даведка

Партал TUT.by быў сярод самых папулярных сайтаў у беларусаў: у рэйтынгах наведвальнасці ён саступаў хіба Google, YouTube, «УКантакце» і «Яндэксу». 18 траўня 2021 года сілавікі прыйшлі ў офіс TUT.by і ў кватэры супрацоўнікаў, затрымалі ўсіх, каго маглі, працу сайту спынілі. Распачалі крымінальную справу за «ўхіленне ад выплаты падаткаў», 9 працаўнікоў дагэтуль у следчых ізалятарах: дырэктарка, галоўная рэдактарка, рэдактары і журналісты, юрыстка, бухгалтары, нават галоўная інжынерка. Таксама ў няволі два работнікі кампаніяў, якія супрацоўнічалі з TUT.by.

Цяпер – надзея на матэрыялы ад чытачоў. Раней рэдакцыя тут жа мела б свае фота і відэа абваленага маста, «усё б там аблазіла», сачыла б за будаўніцтвам. Рэдакцыя цяпер не можа прысутнічаць на судах, не можа паехаць у цэнтр «Брузгі» і паразмаўляць з мігрантамі…

Даводзіцца вучыцца працаваць у новых рэаліях. Напрыклад, ратуе тое, што чыноўнікі ў суботы ладзяць прамыя тэлефонныя лініі: калі адмаўляюцца адказаць на пытанне журналіста «Zerkalo.io», застаецца права пытаць ад імя грамадзяніна Беларусі. Хоць часам дзяржаўныя органы нават даюць адказы на пісьмовыя звароты.

Былая рэдакцыя TUT.BY.
Фота: Белсат

«Мяркуючы з таго, што да нас далятае, з нейкіх каментароў, чыноўнікі працягваюць нас чытаць, – расказвае Калтыгіна. – Іншая рэч, і гэта важны момант, што нам не каментуюць МУС, Следчы камітэт і іншыя ведамствы. Мы ўсё роўна намагаемся пытацца, не атрымліваем адказаў, але гэта такая… лічбавая гігіена ці што. Мы паспрабавалі падаць сітуацыю і з таго, і з другога боку, прыклалі нейкія высілкі, нашае сумленне чыстае».

«Мы тут, а яны там?»

Ганна кажа, што як і многія ў рэдакцыі, жыве беларускім парадкам дня. Яна не памятае, колькі каштуе праезд на метро ў Кіеве, але ведае, колькі каштуе жэтон у Менску. У яе на камп’ютары стаіць менскі час.

«Мы беларусы. Мы проста беларусы, якія былі вымушаныя з’ехаць у доўгатэрміновае камандзіраванне, – тлумачыць яна. – Я так сябе супакойваю. Але хацелася б, каб камандзіраванне хутчэй кончылася».

У такіх умовах псіхалагічна цяжка. Некаторыя працуюць з псіхолагамі, моцна сумуюць па доме і сябрах. Хтосьці сумуе проста па парку Горкага, хтосьці па каве, што прадаюць ля дому. Але ўсё яшчэ не настолькі кепска, каб заводзіць штатнага псіхолага. Сама Ганна да псіхолагаў не звярталася, хоць калі пераехала, моцна непакоілася.

Фота: Белсат

«Я дзіка знелюбіла Кіеў, – прызнаецца яна. – У Кіеве добра быць турыстам, але мне здалося, што жыць тут вельмі складана. Я шмат перажывала, думала, вось-вось вярнуся. У канцы лета я зразумела, што не, я яшчэ доўга не вярнуся, да Новага года, а можа цэлы год не вярнуся, а мо пройдзе і больш часу. Але дала сабе выразную ўстаноўку, што гэта камандзіраванне».

Хоць Ганна адчувае, што ў Беларусі ўсё кепска, ставіцца да гэтага так: ейная праца якраз у тым, каб расказваць, што не так на радзіме. Ганна адзначае, што калі ў Беларусі адбываецца нешта добрае, пра гэта таксама пішуць, ды, на жаль, добрага адбываецца значна менш, чым кепскага.

Працаваць у «камандзіраванні» навучыў каронавірус

Рэдакцыя раскіданая па розных краінах, працуе дыстанцыйна. Гэта аказалася не так цяжка: да працы праз межы падрыхтавала пандэмія каронавіруса, кажа Калтыгіна.

З красавіка 2020 года TUT.by перайшоў на дыстанцыйную працу, і аказалася, што так рэдакцыя працуе не горш, чым у офісе. Калі давялося працаваць з розных краінаў, рэдакцыя была гатовая, збояў у камунікацыі няма.

Супрацоўнікі офісу TUT.BY на праспекце Дзяржынскага ў Менску. 8 жніўня 2018 года.
Фота: Віктар Драчоў / TASS / Forum

«Мы ж кожную раніцу праводзім планёркі, мы размаўляем, – расказвае выканальніца абавязкаў галоўнага рэдактара. – Мы раскіданыя па некалькіх краінах, але, напрыклад, кіеўскія – мы перыядычна збіраемся, можам разам пайсці ў кіно, зайсці ў нейкую кавярню. То бок няма нейкага парушэння камунікацыйных навыкаў, няма адчування, што не хапае стасункаў, пляча калегі, размоваў у офісе…»

Калі ўжо дадому?

Калтыгіна прыляцела ў Кіеў ранкам 23 траўня 2021 года – а ў абед у той самы дзень у Менску прымусова пасадзілі самалёт «Ryanair» і затрымалі журналіста Рамана Пратасевіча. Падумала, што зляцела вельмі своечасова. Але і тады здавалася, што яна пакінула Беларусь максімум на два тыдні – ды дзень меркаванага вяртання ўсё адсоўваўся.

Працаўнікі рэдакцыі ўжо восем месяцаў «у камандзіраванні», яны ўжо маюць легальны статус у краінах, дзе жывуць. Але не перастаюць думаць пра вяртанне.

Фота: Белсат

«Цяпер чамусьці нам здаецца, што травень, – расказвае Ганна. – Не ведаю, чаму травень, але ўсе мы абмяркоўваем, што магчыма, вось у траўні будзем у Менску. Хоць вядома, сярод нас ёсць песімісты, якія змрочна ківаюць галавой і кажуць: мы тут будзем сядзець пяць гадоў, не менш. Але я спадзяюся, што настолькі ўсё не зацягнецца».

«Беларуская журналістыка крышачку памерла»

Гэтую фразу калісьці казала сама Калтыгіна, ды яе не так зразумелі. Яна даводзіць, што мела на ўвазе тое, як змянілася ўзаемадзеянне журналістыкі і дзяржавы:

«Возьмем 2019 год і раней. Былі незалежныя медыі, і былі дзяржаўныя. Зразумела, што між сабой яны не вельмі ладзілі, але пры гэтым, як бы пафасна тое ні гучала, і тыя, і іншыя працавалі на нейкую будучыню нашай краіны».

Цяпер з дзяржаўных медыяў проста цалкам знікла крытыка – Калтыгіна ўпэўнена пра гэта заяўляе, бо маніторыць і агульнарэспубліканскія, і раённыя газеты. Карціна там: «у Беларусі ўсё добра, няма нічога кепскага, а на Захадзе ўсё кепска». Кепскім у Беларусі можа быць часам нейкі крымінал, пажары, але вунь у Францыі медыкі збіраюцца кідаць прафесію, у крамах ЗША пустыя паліцы праз каронавірус…

Раней жа дзяржаўныя медыі дазвалялі сабе ўздымаць праблемныя пытанні, праводзіць нейкія расследаванні паводле скаргаў, напрыклад, на кепскую ваду ў раёне або пра будаўніцтва дарогі. Нейкіх зменаў дамагаліся.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

У незалежных медыяў цяпер дыяметральна супрацьлеглая пазіцыя да дзяржаўных: «у Беларусі ўсё кепска». Хай яно і так, але і незалежныя медыі, і дзяржаўныя парушаюць журналісцкія стандарты. Незалежныя маюць праблемы з фактчэкінгам, прапускаюць у публікацыю «нейкую лажу», наракае Калтыгіна.

Ёй не падабаецца, як Аляксандра Лукашэнку ў незалежных медыях называюць «дыктатарам», «правіцелем». Zerkalo.io піша або «Лукашэнка», або «ён». Таксама ёй не падабаецца, як, напрыклад, незалежныя медыі пераказалі «зліў» супольнасці «ByPol» пра тое, што калегі начальніка аддзелу ГУБАЗіКу лічаць яго гомасексуалам – а тыя ж самыя медыі абураюцца, што сілавікі прымушаюць людзей называць сябе гомасексуаламі на камеру.

«Гэта насамрэч вельмі-вельмі сумная з’ява, – кажа Калтыгіна пра парушэнне журналісцкіх стандартаў. – Я проста моцна спадзяюся, што калі-небудзь у будучыні, калі мы вернемся ў вольную Беларусь, якая пачынае жыць паводле новых правілаў, усе СМІ вернуцца да нейкіх стандартаў і нормаў».

Інтэрв’ю
Рэдактарка Hrodna.Life Ірына Новік: Цяпер у медыях працуюць энтузіясты, якія могуць дазволіць сабе такую раскошу
2021.10.13 15:00

АА belsat.eu

Стужка навінаў