Пасля забароны чыгуначнага транзіту праз Беларусь Літва шукае абыходныя маршруты


З 7 лютага Беларусь забараняе Літве транзіт праз сваю тэрыторыю нафтапрадуктаў і ўгнаенняў. Літва шукае варыянты перавозіць грузы ў абыход нашай краіны – праз Польшчу ці Латвію, піша Delfi.lt.

Паводле Літоўскай чыгункі, у сярэднім з Літвы ў Беларусь з 1 лютага ідуць каля 18 цягнікоў за дзень, з іх у лютым прыкладна 30 % (56 цягнікоў) загружаюцца на літоўскіх станцыях, а большая частка рухаецца ў Беларусь, Расею, Украіну.

Аб’ектыў
МЗС абвесціла санкцыі ў адказ Літве
2022.02.02 22:36

Сфармаванымі ў Літве цягнікамі перавозяцца пераважна нафтапрадукты, угнаенні, чорныя металы. Рэагуючы на дзеянні Беларусі, некаторыя літоўскія вытворцы ўжо спрабуюць выкарыстоўваць новыя маршруты праз Польшчу, кажа прэзідэнт Літоўскай асацыяцыі марскіх пагрузачных кампаніяў Вайдотас Шылейка. Паводле яго, літоўскія перавознікі маглі б перавозіць грузы фурамі ці чыгункаю праз Латвію ці Польшчу.

«Адзін з маршрутаў – перавесці частку грузаў з чыгункі на аўтатранспарт і перавозіць ім у аб’езд Беларусі ці, калі не будзе зачынены транзіт аўтатранспартам, перасякаць Беларусь аўтатранспартам. Іншае рашэнне – агінаць Беларусь і спрабаваць везці грузы чыгункаю праз Латвію, аднак узнікаюць сумневы, ці будзе забяспечаная дастатковая прапускная здольнасць транзітных грузаў на гэтым маршруце. Яшчэ адна альтэрнатыва – перавозіць грузы праз Польшчу, якую выпрабавалі некаторыя літоўскія вытворцы», – сказаў Шылейка ў каментары для медыяў.

Паводле Шылейкі, праз спыненне транзіту па Беларусі могуць пачацца перабоі з плынню грузаў на 2–3 мільёны тонаў ці нават больш з Клайпедскага порту. Няясна, ці будзе спынены цягнік «Вікінг», якім кантэйнеры дастаўляюцца ў Клайпедскі порт. Як сказаў Шылейка, у выніку такіх дзеянняў ланцужкі паставак падаражэюць, таму натуральна, што ўласнікі грузаў стануць думаць, ці выбіраць для іх транспартавання Клайпедскі порт.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў