Сваякі фігурантаў справы «Белгазпрамбанку» звярнуліся да Лукашэнкі. Яны просяць вызваліць абвінавачаных ад адказнасці


Напярэдадні папярэдняга паседжання па справе «Белгазпрамбанку» сваякі некалькіх ейных фігурантаў звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта абвесціў Круглы стол дэмакратычных сілаў Юрыя Васкрасенскага.

Калектыўны ліст Лукашэнку напісалі сем’і Кірыла Бадзея, Сяргея Дабралёта, Аляксандра Ільясюка, Віктара Кабяка, Дзмзітрыя Кузьміча і Сяргея Шабана.

Адзначаецца, што родныя вязняў звярнуліся да Лукашэнкі як да гаранта Канстытуцыі, а таксама «вераць у міласэрнасць і справядлівасць».

Праект звароту апублікаваў «Интерфакс». Сваякі абвінавачаных просяць Лукашэнку вызваліць сваіх блізкіх ад крымінальнай адказнасці ў адпаведнасці з артыкулам 88 Крымінальнага кодэксу (дзейнае раскаянне).

Сёння стала вядома, што ўжо заўтра, 4 лютага, адбудзецца папярэдняе паседжанне Вярхоўнага Суда па справе «Белгазпрамбанку». На ім будуць прысутнічаць не ўсе абвінавачаныя, а толькі тыя шасцёра, якія заключылі дасудовую дамову аб супрацы. Іхныя семʼі і напісалі калектыўны ліст. Віктара Бабарыкі і Аляксея Задойкі сярод іх няма.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў