Кітай запусціў грузавы цягнік у Нямеччыну, які абмінае Беларусь

1 студзеня Кітай запусціў новы цягнік, які вязе грузы з КНР у Нямеччыну. Праўда, не праз Беларусь.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: ДД / Белсат

Са станцыі Міжнароднага порту Сі-Ань адправіўся першы цягнік, які перавозіў 50 кантэйнераў з электронікай і таварамі для трансмежнай электроннай камерцыі, што азнаменавала адкрыццё новага грузавога маршруту. Цягнік ідзе ў расейскі Санкт-Пецярбург, адкуль кантэйнеры будуць дастаўленыя караблём ў нямецкі порт Мукран, а затым перагружаныя на цягнік і накіраваныя ў канчатковы пункт прызначэння – Мангайм.

Працягласць новага маршруту складае каля 12,8 тыс. км, час у дарозе – 16–18 дзён. Новы маршрут абмінае Беларусь, Польшчу і Літву.

«Транзіт кантэйнерных цягнікоў паміж Кітаем і Еўропай праз Беларусь – адна з асноўных крыніц даходу ад перавозаў для Беларускай чыгункі, і пераарыентацыя маршрутаў сурʼёзна бʼе па даходзе БЧ», – адзначае «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси».

«Беларуская чыгунка» масава скасоўвае электрычкі. На днях яна падняла кошты на праезд

Нагадаем, што на фоне спробаў афіцыйнага Менску з дапамогаю мігрантаў прарваць мяжу з Польшчаю польскі бок яшчэ 9 лістапада закрыў памежны пераход у Кузніцы, які найчасцей зазнаваў атакі з Беларусі.

Пры гэтым у Варшаве папярэдзілі, што гаворка можа ісці не толькі пра «Кузніцу»: польскія ўлады разглядаюць варыянт поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю ў сувязі з міграцыйным крызісам. Гаворка ідзе не толькі пра аўтамабільныя пункты пропуску, але і пра чыгуначныя.

Менск жа выступіў з пагрозамі ў адказ.

«Польшча нас палохае, што закрые мяжу. Калі ласка, закрывайце: менш уцекачоў туды будзе перамяшчацца. Пытанне не ў гэтым. Я проста паслухаў гэтых мярзотнікаў, якія ўвогуле безгаловыя. А калі мы закрыем транзіт праз Беларусь? Праз Украіну не пройдзе: там расейская мяжа закрытая. Праз Прыбалтыку дарог няма. Калі мы закрыем для палякаў і, напрыклад, для немцаў: што будзе тады? Мы не павінны, абараняючы свой суверэнітэт і незалежнасць, спыняцца – ні перад чым», – заявіў Лукашэнка 11 лістапада.

«Падумваюць пра поўнае закрыццё межаў з Беларуссю. Ды калі ласка. Калі больш няма чым займацца, мы не пярэчым», – паўтарыў ён жа ўжо 16 лістапада.

Гаворка пра мільярды долараў. Колькі можа страціць Беларусь ад закрыцця мяжы з Польшчай

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны