Былая юрыстка «Менскканцэрту» пра тое, як арганізоўваюцца імпрэзы для Лукашэнкі


Вольга Працкевіч, былая юрыстка «Менскканцэрту» расказвае «Белсату» пра тое, як арганізоўваюцца імпрэзы для топ чыноўнікаў у Беларусі, у тым ліку для Аляксандра Лукашэнкі.

Баскаў каштаваў $ 5000, а аплачваў яго БРСМ

– Як рыхтуюцца да імпрэзаў з удзелам Лукашэнкі?

– Менгарвыканкам выбірае рэжысёра, які дае сцэнар. Я ні разу не бачыла конкурсу сцэнароў. Адны і тыя ж сцэнарысты працуюць з імпрэзы на імпрэзу. Такія мерапрыемствы рыхтуюць загадзя. Ідзе ўзгадненне ўсіх прысутных у зале, падаюцца спісы ў службу бяспекі. Экстранных мерапрыемстваў не было ніколі. Нават тэхнічныя работнікі на такім мерапрыемстве павінны быць добранадзейнымі. Возьмуць горшага спецыяліста, але які заўсёды згаджаецца. Тое ж самае датычыць артыстаў. Калі артыст быў дзесьці заўважаны, яго ўжо не бяруць. Спісы падаваліся ў Менгарвыканкам, які іх фільтраваў. Пасля гэтага яны траплялі ў службу бяспекі, якая іх яшчэ раз фільтравала.

Аляксандр Лукашэнка махае сваім прыхільнікам на форуме саюза жанчын у Менску, Беларусь. 17 верасня 2020 году.
Фота: TUT.BY / Reuters / Forum

– А мерапрыемствы з удзелам Лукашэнкі і без яго адрозніваюцца па кошце?

– Калі з удзелам Лукашэнкі, то будуць іншыя артысты, у іх іншы прайс. Служба бяспекі будзе працаваць асобна. Мы яе не аплачваем. Калі гэта гарадское мерапрыемства, там будзе якая-небудзь «Хвілінка», 20 дзетак будуць скакаць за 300 рублёў. А калі з Лукашэнкам, то ўжо Ланская прагінаецца за 3000.

Інтэрв’ю
Галоўны рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы» аб перспектывах Мікалая Лукашэнкі стаць прэзідэнтам
2022.01.02 12:32

– Якія ганарары ў беларускіх артыстаў?

– Кошт залежыць ад таго, ці ёсць званне ў артыста. Выразны тарыф заўсёды быў у «Песняроў». Тут я не магу сказаць, што неапраўдана, таму што гэта калектыў, і прыязджаюць са сваім абсталяваннем. Ярмоленка бярэ за выступ ад 3000 беларускіх рублёў. Ланская заўсёды каштавала добра, ад 2000 за песню. Аляхно – 1500. «Аўра» каштуе ад 2500 і вышэй, у іх рэзка вырас ганарар. Можа, праз песню «Любімую не аддаюць». Жанет і Гюнеш недарагія, каля 1000 за выступ.

Саладуха, калі я толькі прыйшла, каштаваў 3000–3500. Апошняе мерапрыемства ён ужо каштаваў 2000 беларускіх рублёў. А Груздзевы – гэта ў даважку. Сёстры Груздзевы пры мне выступалі толькі на жаночым форуме «За Беларусь». Я не памятаю, колькі яны каштавалі, але нядорага. Пасля гэтага яны вельмі дакучліва прапаноўвалі свае паслугі, але іх не хацелі браць. Яны настолькі нецікавыя, што не патрэбныя нават у Менгарвыканкаме. У прэзідэнцкага аркестра добрыя ганарары. Як правіла, вышэй за 20 тысяч беларускіх рублёў. Але тут ёсць нюансы. Артысты ж гэтых грошай не бачаць. Аркестр – на службе прэзідэнта, таму грошы паступаюць у агульную скарбонку.

– А як мяняўся ганарар выканаўцаў? Яны цяпер сталі зарабляць больш?

– Яны сталі зарабляць менш. Бо як бы яны ні стараліся быць лаяльнымі да ўлады, ва ўлады ёсць больш важныя патрэбы. Таму грошай вылучалася ўсё менш і менш, ганарары падалі. Яны быццам бы і стараліся, прагіналіся, а кошты падаюць. Прыкладна на 30 % упалі. Гэта не ад нас залежала, «Менскканцэрту» проста зрэзалі бюджэт. Мы ім казалі, што грошай няма. Артысты выказвалі нам незадаволенасць, фыркалі, крычалі. Ланская заўсёды скандаліць.

Менск, Беларусь. 9 траўня 2020 года.
Фота: Белсат

– Якое мерапрыемства, зарганізаванае «Менсканцэртам», было самым дарагім?

– Дзень Перамогі. Там феерверк каля паўмільёна каштуе, а яшчэ плюс канцэрт. Дзесьці каля 2–2,5 мільёна. «Менскканцэрту» выдаваліся грошы з мясцовага бюджэту, гэта бюджэт Менску. Калі я прыйшла туды працаваць, я не магла зразумець, адкуль бяруцца сумы, якія мы вылучаем на тэхнічнае абсталяванне.

Жаночы форум «За Беларусь» быў досыць дарагім. Пры тым такі ён быў экстраны, незразумелы. Рэзка арганізавалі, убухалі грошы. Па артыстах адразу было відаць, што мерапрыемства з удзелам Лукашэнкі. Было ўсюды апублікавана, што ён неспадзявана прыехаў, але насамрэч не бывае нечаканых прыездаў Лукашэнкі. Мерапрыемства збіралі вельмі тэрмінова, літаральна за некалькі дзён. Туды Баскава прывезлі, яго наша арганізацыя не аплачвала. Ды і ніякая іншая арганізацыя законна Баскава не аплачвала. Потым высветлілася, што па бухгалтэрыі Баскаў нідзе не праходзіў. Мне распавялі, што Баскаў каштаваў $ 5000, а аплачваў яго БРСМ. Таму што нельга за кошт бюджэту артысту столькі заплаціць. Усё дарагое заўсёды праходзіць праз БРСМ.

Чарга каля крамы Symbal.by 24 чэрвеня 2020 года.
Фота: Белсат

– А ці існуюць чорныя спісы артыстаў?

– Так, існуюць. З таго, з чым я сутыкнулася, перад канцэртам у «Фэйсбуку» з’явілася нашумелая фатаграфія Дзяніса Дудзінскага ў чарзе ў краму symbal.by, пасля гэтага быў званок з Менгарвыканкаму. Сказалі прыбраць Дудзінскага тэрмінова з вядоўцаў. А мерапрыемства было ўжо заўтра. Мы ледзь знайшлі вядоўцу. Увесну 2021 года ў Менгарвыканкаме казалі, каб ім дасылалі звесткі пра ўсіх, каго бярэм на працу, нават пра прыбіральнікаў. І пакараных паводле артыкулу 23.34 не браць на працу.

Інтэрв’ю
Лявон Вольскі пра дзяржаўны шоу-бізнес: Сабралі трох зорак, якія цяпер застаюцца з гэтай уладай, і паехалі
2021.11.20 11:00

Размаўляла Арына Маліноўская belsat.eu

Стужка навінаў