Чаму палякі пратэстуюць на мяжы з Украінаю?

Украіна для Польшчы ў палітычным і вайсковым сэнсе – саюзнік, але эканамічна ўжо пачынае ствараць канкурэнцыю польскім фірмам.

Пратэст польскіх кіроўцаў перад пунктам пропуску «Дарахуск».
Фота: Attila Husejnow / Forum

Некалькі тыдняў запар уласнікі польскіх транспартных фірмаў блакуюць чатыры з васьмі пераходаў на мяжы з Украінай. Стварыліся гіганцкія чэргі, бо пратэстоўцы прапускаюць толькі грузавікі з гуманітарнай і вайсковай дапамогай, палівам, ежай кароткага тэрміну прыгоднасці. Гэта стварыла напружанасць у двухбаковых зносінах, але пакуль выглядае, што ніхто не ведае, як залагодзіць праблему. Бо праблема складаная і простага ўладкавання няма.

Да вайны ўкраінскія транспартнікі атрымлівалі дазволы на завоз 160 тыс. камерцыйных грузаў за год. Столькі ж атрымвалі і польскія транспартныя фірмы, што высылаюць свае грузавікі ва Украіну. Праблемы пачаліся з 1 ліпеня, калі Еўразвяз пагадзіўся цалкам адчыніць мяжу для ўкраінскіх транспартных фірмаў. Мэты былі зразумелыя, бо гаворка ішла пра гуманітарную, вайсковую і харчовую дапамогу. Аднак украінскія фуры зайшлі на польскі (і еўрапейскі) рынак у такой колькасці (мяркуецца, сёлета будзе каля мільёна ўкраінскіх грузаперавозак), што польскія транспартнікі пачалі казаць пра рызыку банкруцтва. Сектар транспарту і лагістыкі ў Польшчы дае працу каля мільёну асобаў і забяспечвае каля 6 % ВУП. Цягам апошніх гадоў Польшча была першаю ў транспартным сектары на рынку Еўразвязу. Кожную пятую перавозку абслугоўвала ў ЕЗ польская фірма.

Няцяжка было прадбачыць наступствы, бо неабмежаваны ўваход на рынак украінскіх транспартных фірмаў стварае адкрытую пагрозу польскаму сектару. Польскія фірмы проста не вытрымаюць такой канкурэнцыі. Заробкі ўкраінскіх кіроўцаў у 3-4 разы меншыя, акрамя таго, украінскія і польскія фірмы існуюць у розных падаткавай і прававых сістэмах, падпарадкоўваюцца розным кантрольным органам.

Рэпартаж
Страйк дальнабойнікаў: пагрозы спаліць машыну, карупцыя і жаданне зарабіць. Што адбываецца на мяжы Польшчы і Украіны
2023.11.21 15:08

Пратэстоўцы на мяжы кажуць, што ўкраінскія фірмы злоўжываюць дазволам ЕЗ і перавозяць не толькі гуманітарныя і вайсковыя грузы, але і камерцыйныя (напрыклад новыя дарагія аўтамабілі). Пратэсты прымусілі польскія службы правяраць, ці сапраўды ўкраінскія грузавікі ажыццяўляюць перавозкі паводле ўзгодненых з ЕЗ мэтаў.

Да пратэсту транспартнікаў нядаўна далучыліся фермеры, якія раней дамагліся, каб быў заблакаваны імпарт украінскага збожжа на польскі рынак, але дагэтуль змагаюцца з наступствамі праблемы. Украінскія фермеры ствараюць канкурэнцыю польскім фермерам. Аграрыі Украіны маюць значна больш зямлі непараўнальна лепшай якасці і танную працоўную сілу. Мінімальны заробак ва Украіне сёння – 6700 грывень (каля 670 злотых). У сваю чаргу, польскаму фермеру трэба заплаціць працаўніку не менш за 3600 злотых.

Чарга з фураў перад пунктам пропуску «Медыка». Медыка, Польшча, 23 лістапада 2023 г.
Фота: Attila Husejnow / Forum

Украінскія СМІ звяртаюць увагу на сувязі лідараў пратэсту транспартнікаў з партыяй «Канфедэрацыя» (яе некаторыя сябры раней не хавалі сваіх прарасейскіх поглядаў), якая ў новым Сейме мае 11 (з 460) дэпутатаў.

Праблема, аднак, значна шырэйшая, бо ідзецца пра еўрапейскую будучыню Украіны. Калі Украіна далучыцца да ЕЗ, некаторыя сектары польскай эканомікі не змогуць канкураваць з адпаведнымі ўкраінскімі. Таму такія праблемы давядзецца залагоджваць загадзя, і не толькі Варшаве і Кіеву, але і ўсяму Еўрапейскаму Звязу. Першая спроба адбудзецца 4 снежня ў Бруселі, дзе сустрэнуцца міністры транспарту краінаў ЕЗ і абмяркуюць дзейнасць падпісанай летась у ліпені дамовы. Пратэстоўцы пагражаюць пашырыць пратэст на іншыя пераходы, калі польскія ўлады і Еўразвяз не залагодзіць іхнай праблемы.

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў