Рэпрэсіі «выйшлі на плато». Даклад Беларускай асацыяцыі журналістаў


З нагоды Міжнароднага дня спынення беспакаранасці за злачынствы супраць журналістаў Беларуская асацыяцыя журналістаў выдала даклад аб правах чалавека і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Даклад тычыцца не толькі медыяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Супрацоўнікі АМАПа патрулююць тэрыторыю каля плошчы Перамогі. Менск, Беларусь. 8 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Рэпрэсіі не спыняюцца, трывае «зачыстка» грамадзянскай супольнасці і медыяў. Ды сацыёлаг Генадзь Коршунаў заўважае, што рэпрэсіі супраць беларусаў «выйшлі на нейкае своеасаблівае плато». Колькасць палітвязняў з красавіка трымаецца на ўзроўні каля 1500 чалавек – адны выходзяць на волю, іншых садзяць. Колькасць вядомых затрыманняў на месяц трымаецца на ўзроўні 360–370 чалавек цягам апошняга года. Таксама прыблізна аднолькавай застаецца колькасць палітычных прысудаў на месяц і колькасць унясення людзей у «спіс экстрэмістаў».

Што з медыямі

У Беларусі злачынствы супраць журналістаў заставаліся беспакаранымі ад 1994 года. БАЖ нагадвае аб выкраданні і імаверным забойстве Змітра Завадскага ў 2000 годзе, аб забойстве Веранікі Чаркасавай і аб шматлікіх журналістаў, якія перажылі напады і збіванне.

З выбараў-2020 сітуацыя абвастрылася – БАЖ характарызуе яе як тэрор супраць прадстаўнікоў медыясферы і ўвядзенне цэнзуры. З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне ўлады сталі здушаць распаўсюд не толькі інфармацыі пра палітычную і прававую сітуацыю ў Беларусі, але і пра прычыны і ход баявых дзеянняў у суседзяў. Акрамя таго, па выніках рэферэндуму-2022 у Канстытуцыі Беларусі, а затым у законах з’явіліся абмежаванні на трактоўкі падзеяў Другой сусветнай вайны. У 2023 годзе змены ў закон «Аб СМІ» яшчэ больш абмежавалі дзейнасць медыяў.

Амаль усе беларускія незалежныя рэсурсы працягнулі функцыянаваць з-за мяжы, пераехала і БАЖ. Некаторыя выданні рэлакаваліся двойчы: спачатку ва Украіну, а адтуль у іншыя краіны з прычынаў вайны.

За кратамі ў Беларусі цяпер 33 журналісты. За студзень-верасень 2023 года 15 журналістаў асудзілі паводле крымінальных абвінавачванняў, а ўжо асуджаную журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву летась «даасудзілі» за «Здраду дзяржаве». Таксама з пачатку года прайшлі 26 ператрусаў у дамах журналістаў і ў рэдакцыях медыяў, было 35 затрыманняў і 14 адміністратыўных арыштаў журналістаў.

Журналістаў, якія пакінулі краіну, пачалі «судзіць» завочна. Зняволеным журналістам, як то Сяргею Сацуку, Дзянісу Івашыну і Анджэю Пачобуту, не аказваюць належнай медычнай дапамогі, а зняволенага Ігара Лосіка давялі да працяглай галадоўкі і спробаў самагубства. 7 траўня 2023 года за кратамі памёр блогер Мікалай Клімовіч.

Hавiны
Стэфановіч упершыню патэлефанаваў жонцы, родныя сустрэліся з палітвязнем Сацуком
2023.07.13 11:58

Акрамя таго, больш як паўтары тысячы інтэрнэт-рэсурсаў назвалі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», больш за сотню – «экстрэмісцкімі фармаваннямі» (такімі прызнаныя і папулярныя незалежныя выданні, і сама БАЖ). З 2023 года пачалі называць «экстрэмізмам» артыкулы друкаваных выданняў і асабістыя старонкі журналістаў у сацсетках. Таксама з 2023 года БАЖ назірае рэзкі рост колькасці пакаранняў беларусаў за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». А яшчэ з 2022 года пачалі пераследаваць за любую форму супрацы з незалежнымі медыямі.

У дзяржаўных медыях, паводле БАЖ, працягваюцца «палітычныя чысткі», самі гэтыя медыі «ідэалагізуюцца», пераарыентоўваюцца на прапаганду. Акрамя таго, на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, скарацілі набор і скасавалі платную форму навучання – дэкан кажа, факультэт выконвае дзяржаўную замову і рыхтуе «баявыя штыкі».

Беларусь у выніку апусцілася яшчэ ніжэй у рэйтынгах, звязаных са свабодай слова. У «Індэксе свабоды прэсы» Беларусь на 157-м месцы са 180, а ў аналізе «Рэпарцёраў без межаў» трапіла ў пяцёрку краінаў свету з найбольшай колькасцю зняволеных журналістаў.

Hавiны
Мінула два гады ад затрымання журналісткі Ірыны Слаўнікавай
2023.10.30 19:09

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў