Пуцін унёс у Думу законапраект аб анексіі. Хоча «далучыць» непадкантрольныя яму тэрыторыі


Уладзімір Пуцін 2 кастрычніка ўнёс у Дзяржаўную Думу Расейскай Федэрацыі законапраекты аб уваходзе ў склад Расеі чатырох вобласцяў Украіны. Дзве з іх расейскія войскі кантралююць хіба на палову – вайна ва Украіне трывае. Законапраект плануюць пачаць разглядаць 3 кастрычніка.

Украінскія вайскоўцы на ўездзе ў Ліман, Украіна. 1 кастрычніка 2022 года.
Фота: Зорян Шкиряк / Facebook

Паводле праекту, які ўнёс Уладзімір Пуцін, у склад Расеі прапануюць прыняць тэрыторыі самаабвешчаных «Данецкай народнай рэспублікі» і «Луганскай народнай рэспублікі», Запарожскай і Херсонскай вобласцяў Украіны ў межах вобласцяў і «рэспублік» (якія Пуцін прызнаў у межах адпаведных вобласцяў). На момант унясення праекту расейскія войскі кантралююць палову Запарожскай вобласці (без Запарожжа) і палову Данецкай (днём раней адступілі з Ліману), большую частку Луганскай і Херсонскай вобласцяў (але не цэлыя вобласці, трываюць баі).

Людзям на анексаваных тэрыторыях і ўцекача адтуль законапраект абяцае аўтаматычнае наданне расейскага грамадзянства – трэба толькі падаць заяву і прысягнуць Расейскай Федэрацыі. Грашовай адзінкай у анексаваных тэрыторыях абвяшчаецца расейскі рубель, але да канца 2022 года прапануецца дапускаць абарот грыўні. Усім народам «гарантуецца» права на вывучэнне роднай мовы, але расейская прапануецца як адзіная дзяржаўная.

Хто стане кіраўнікамі анексаваных тэрыторыяў, Пуцін мае вырашыць цягам 10 дзён, «выбары» ў «парламенты» плануюць правесці ў верасні 2023 года. Вайсковыя фармаванні з анексаваных тэрыторыяў прапануецца ўключыць ва Узброеныя сілы расейскай федэрацыі і іншыя расейскія фармаванні. Асобна ў законе прапісаныя пункты пра атамную энергетыку: у Запарожскай вобласці Расея захапіла атамную электрастанцыю.

Законапраект плануюць разглядзець у Дзяржаўнай Думе 3 кастрычніка, у Савеце Федэрацыі – 4 кастрычніка. Калі яны ўхваляць праекты, Пуцін яшчэ мусіць падпісаць прапанаваны ім закон.

Анексію не прызналі Украіна, Еўразвяз, Вялікая Брытанія, Злучаныя Штаты і нават краіны, якія лічылі некалі «сябрамі» Пуціна, як то Казахстан, Сербія і Турэччына.

Hавiны
ЗСУ цалкам зачысцілі Ліман і паступова прасоўваюцца на Херсоншчыне
2022.10.02 15:32

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў