Журналіст Павел Мажэйка пераведзены ў СІЗА


Журналіста Паўла Мажэйку перавялі ў СІЗА Горадні, пра гэта «Белсату» паведамілі сваякі журналіста.

Паўла Мажэйку трымаюць у СІЗА Горадні з 2 верасня. Паводле сваякоў, якія сёння спрабавалі перадаць Паўлу рэчы ў ІЧУ, перавод у СІЗА азначае, што журналісту выставілі абвінавачанне ў крымінальнай справе і абралі меру стрымання – узялі пад варту.

Кіраўнік Цэнтру гарадскога жыцця і журналіст Павел Мажэйка пасля трох содняў арышту. Горадня, Беларусь. 29 сакавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Мажэйка быў затрыманы 30 жніўня. Адбыліся ператрусы ў ягонай кватэры і ў доме на вёсцы ў Гарадзенскай вобласці. Таксама былі ператрусы ў блізкіх і дальніх сваякоў журналіста.

Артыкул, паводле якога вінавацяць Паўла Мажэйку, пакуль не вядомы.

Раней Павел вёў аўтарскія праграмы на «Белсаце», стварыў у Горадні Цэнтр гарадскога жыцця. Летась Цэнтр зліквідавалі паводле пазову пракуратуры.

26 красавіка 2021 года на Паўла Мажэйку, мастака Алеся Пушкіна і «іншых асобаў» завялі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 КК за нібыта рэабілітацыю і апраўданне нацызму. Прычына – дэманстрацыя 19 сакавіка 2021 года на выставе ў Цэнтры гарадскога жыцця партрэта беларускага антысавецкага дзеяча Яўгена Жыхара. Пазней Паўла адпусцілі, бо «зніклі падставы для затрымання».

AA belsat.eu

Стужка навінаў