Затрыманні сялян і школьніцы, прысуд адвакату. Хроніка рэпрэсіяў за 2 верасня


З надыходам восені колькасць затрыманняў, «судзілішчаў» і рэпрэсіўных захадаў у дачыненні беларусаў, якія асмельваюцца выказваць уласнае меркаванне і выступаць супраць вайны і дыктатуры, толькі павялічылася.

Исправительная колония № 3, Витьба, Беларусь
Папраўчая калонія № 3. Віцьба, Беларусь. Ліпень 2022 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Акім Крумкач / Белсат

2 верасня да аднаго года і сямі месяцаў калоніі прысудзілі палітзняволенага Івана Рагатнёва, якога затрымалі ў «справе Зельцара» 30 верасня 2021 году. Суд быў закрыты. Прысуд агучыла суддзя Святлана Бандарэнка. Ігар Рагатнёў знаходзіцца за кратамі Валадаркі ўжо 11 месяцаў.

Яшчэ адзін прысуд у «справе Зельцара» вынеслі ў гэты ж дзень палітвязню Віталю Рогачу.

«Бандыту зямля будзе бетонам», – так пракаментаваў ён забойства супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка ў сацсетках.

Суддзя Валянціна Зянькевіч прызначыла Рогачу пакаранне ў выглядзе двух з паловай гадоў калоніі і штрафу ў памеры 200 базавых велічынь.

Прысуды лекарцы Нікіцінай і адвакату Ангельскаму

Сёння таксама стала вядома пра вырак палітвязню Канстанціну Высочыну. Былога крэатыўны дырэктара архітэктурнага бюро прысудзілі да трох гадоў «хіміі», прызнаўшы вінаватым паводле арт. 342 КК. Справу разглядала суддзя Вольга Емяльянчанка.

  • 41-гадовага палітвязня з пасёлку Ільіч Рагачоўскага раёну Андрэя Сцепанькова асудзілі да двух з паловай гадоў калоніі. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 130 КК («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці») і арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). Сцепанькоў ужо год за кратамі СІЗА-3 Гомля.
  • Палітзняволеную лекарку Наталлю Нікіціну прысудзілі да аднаго года і 10 месяцаў калоніі ды вялікага штрафу (200 базавых велічынь) за каментары ў сацсетках. Яе затрымалі 29 верасня 2021 году на працы – у Менскім цэнтры дзіцячай псіхіятрыі і псіхатэрапіі. У Наталлі – двое сыноў. Яе ўтрымліваюць у СІЗА-1 на Валадарскага.
  • «Белсат» таксама паведамляў пра прысуд менскаму адвакату Уладзіміру Ангельскаму. Яго асудзілі на 14 содняў арышту за нібыта непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі.

Журналіста Паўла Мажэйку перавялі ў СІЗА. Імаверна, яму выставілі абвінавачанне.

Бараніўся сякерай

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў 2 верасня пра затрыманне шасці вяскоўцаў у Гомельскай вобласці. Сярод затрыманых – Людміла Віцязь, Надзея Шкуда, Аляксандр Хадко, Міхаіл Апановіч, Аляксей Марчанка. Паведамлялася таксама пра менчука, які спрабаваў бараніцца ад так званых сілавікоў, якія яго затрымлівалі, сякерай.

Магілёўскія праваабаронцы паведамілі пра затрыманне жыхара абласнога цэнтру Юрыя Пашына. Затрымалі за тое, што той «падтрымліваў Украіну». ГУБАЗіК вымусіў прызнацца мужчыну на пакаянным відэа «у падтрымцы Расеі».

У Наваполацку затрымалі школьніцу, якая на лінейцы з нагоды Дня ведаў правяла антываенную акцыю падчас выступу кадэтаў у вайсковай форме. Яе забралі міліцыянты. Дзе зараз знаходзіцца дзяўчына, невядома.

У Горадні за каментары ў інтэрнэце супрацоўнікі МУС затрымалі вартаўніка дзіцячага садку Валянціна Дуброўшчыка. Нібыта 52-гадовы мужчына «абражаў» Аляксандра Лукашэнку, Уладзіміра Караніка і расейцаў, якія ваююць ва Украіне.

Вызваленне Вікхольм

І трошкі свабоды. Выйшла на волю палітзняволеная грамадзянка Расеі Ірына Вікхольм, якая цалкам адбыла прысуджаны тэрмін (паўтара года калоніі). Яе затрымалі за твіт, напісаны пра інцыдэнт з самалётам «Ryanair», на якім ляцеў Раман Пратасевіч. Вікхольм напісала:

«Чарговае злачынства Лукашэнкі: акт дзяржаўнага авіяпірацтва».

Ірыну Вікхольм адразу пасля вызвалення дэпартавалі ў Расею і забаранілі ўезд у Беларусь на 10 гадоў.

Меркаванні
Лукашэнка супраць школьнікаў і студэнтаў. Навошта ўладзе быў патрэбны ўрок-застрашванне?
2022.09.02 21:02

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў