Надзвычайнае становішча на мяжы Беларусі і Польшчы, знайшоўся палітвязень Анішчук: галоўнае за 2 верасня


«Белсат» падводзіць вынікі чацвярга, 2 верасня. Самае важнае за дзень – у нашым аглядзе.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда выдаў распараджэнне аб надзвычайным становішчы на мяжы з Беларуссю. Рашэнне аб увядзенні надзвычайнага становішча на тэрыторыі часткі Падляскага і Люблінскага ваяводстваў апублікаванае 2 верасня. Канцылярыя прэзідэнта падкрэслівае, што з Закону аб надзвычайным становішчы выбраныя найменш жорсткія віды абмежаванняў. Тэрыторыя, на якой дзейнічае надзвычайнае становішча, будзе акрэсленая асобнаю пастановаю. Аднак хутчэй за ўсё гэта будуць 183 мясцовасці, размешчаныя ў трохкіламетровай паласе ад мяжы з Беларуссю, прапанаваныя Радай Міністраў.

Аб’ектыў
Гібрыдная агрэсія і мігранты як зброя
2021.09.02 23:12

Журналіста і медыяменеджара Андрэя Аляксандрава падазраюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, што пацягнула за сабой прычыненне шкоды ў буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК).

31 жніўня Аляксандрава прызналі падазраваным.

«Ад дачы паказанняў ён адмовіўся. Віну катэгарычна адмаўляе», – адзначыў адвакат абвінавачанага.

Андрэя Аляксандрава затрымалі 12 студзеня 2021 г. супрацоўнікі МУС разам з Ірынай Злобінай. 15 студзеня стала вядома, што іх падазраюць у фінансаванні пратэставай дзейнасці. Абодвух затрыманых змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна. Адтуль Аляксандрава перавялі ў СІЗА-1.

Стала вядома, што Віктара Фенчука, былога кіраўніка арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», пакаралі арыштам на 12 содняў. Пакуль невядома, паводле якога артыкулу яго судзілі. Цяпер эколаг на Акрэсціна.

Віктара Фенчука затрымалі 31 жніўня, у той жа дзень у офісе арганізацыі прайшоў ператрус.

Андрэй Шарэнда распавёў, што ўжо амаль месяц ад жонкі – палітзняволенай Паліны Шарэнды – няма ніякіх навінаў. Андрэй б’е трывогу.

«Паліна знікла, і з ёй няма ніякай сувязі. 12 жніўня маці Паліны прыйшоў ліст з гомельскай жаночай калоніі, у якім было напісана, што Паліна Шарэнда-Панасюк 8 жніўня прыбыла да іх у калонію. Ліст утрымліваў інфармацыю, колькі ёй можна перадач, колькі спатканняў. Але ад яе няма ніводнага ліста, яна дагэтуль не напісала заяву, каб да яе мог трапіць адвакат», – распавядае Андрэй Шарэнда.

У Магілёве не працягнулі кантракт з дасведчаным дзіцячым хірургам Міхаілам Елавым.

Міхаіл Елавы ўзначаліў дзіцячае хірургічнае аддзяленне 1 красавіка 1980 году, а да гэтага на працягу пяці гадоў працаваў агульным хірургам гарадской лякарні хуткай медыцынскай дапамогі.

Увосень 2020 году жонку спадара Міхаіла Наталлю за ўдзел у «Маршы пенсіянераў» затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі.

Аб’ектыў
Знік палітвязень
2021.09.01 23:08

Палітвязень Арцём Анішчук, які «знік» з магілёўскай калоніі, знайшоўся ў Гомельскім СІЗА. 2 верасня Вольга атрымала ліст з Гомельскага СІЗА, у якім Арцём паведамляе, што з ім усё ў парадку, хіба што прастыў. Пра знікненне палітвязня Арцёма Анішчука паведаміла 31 жніўня ягоная жонка Вольга. Калі яна разам з адвакатам прыехала ў Магілёўскую калонію, дзе адбываў пакаранне ейны муж, там паведамілі, што «ён выбыў». Следчы казаў адвакату, што першы раз чуе пра этапаванне. Па якой прычыне палітвязня перавялі ў Гомельскае СІЗА, невядома.

Упершыню за 18 гадоў Беларусь не будзе ўдзельнічаць у дзіцячым «Еўрабачанні».

Каб мець права на ўдзел у конкурсе, трэба быць актыўным сябрам Еўрапейскага трансляцыйнага звязу, які ў траўні бягучага году прыпыніў сяброўства Белтэлерадыёкампаніі. БТРК адказвала за адпраўку беларускай дэлегацыі на конкурс. Дзіцячае «Еўрабачанне-2021» пройдзе ў Парыжы ў снежні 2021 году. Удзел у ім прымуць 19 краінаў.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў