Лівійцы пратэстуюць супраць адключэнняў электрычнасці, росту цэнаў і палітычнага тупіку. Пратэсты былі як на захадзе, так і на ўсходзе – розныя сілы кантралююць па палове краіны.
У ноч на 2 ліпеня пратэстоўцы штурмавалі і падпалілі будынак у лівійскім горадзе Табрук, дзе быў парламент Лівіі. Як піша BBC, прычыны пратэстаў – адключэнні электрычнасці, рост цэнаў і палітычны крызіс.
Як адзначае «Al Jazeera», будынак парламенту быў пусты, бо пятніца – выходны дзень у Лівіі. Паводле выдання, пратэсты супраць праблемаў з электрычнасцю і высокіх цэнаў на хлеб прайшлі і ў іншых гарадах Лівіі.
Пратэсты трывалі таксама ў Трыпалі, там патрабавалі новых выбараў. Патрабаванне пратэстоўцаў падтрымаў старшыня часовага Ураду нацыянальнага адзінства, ён заклікаў да пераменаў ва ўсіх інстытутах дзяржавы. Гэтыя пратэсты адбыліся на наступны дзень пасля перамоваў у Жэневе пад эгідай Арганізацыі аб’яднаных нацыяў, але пры галасаванні было мала прагрэсу.
Другая грамадзянская вайна ў Сірыі трывала з 2014 года па 2020-ы, да таго першая грамадзянская вайна прайшла ў 2011 годзе. Вынікам першай вайны стала інтэрвенцыя войскаў на чале з NATO, зрынанне і забойства пратэстоўцамі дыктатара Муамара Кадафі, які кіраваў краінай 42 гады. У выніку другой вайны краіна аказалася падзеленай між выбраным у 2021 годзе і падтрыманым ААН часовым Урадам нацыянальнага адзінства, што кантралюе захад краіны і сталіцу Трыпалі, і парламентам у Табруку, выбраным у 2014 годзе, што кантралюе ўсход. На ўсходзе большую частку тэрыторыі кантралявалі сілы былога паплечніка Кадафі, генерала Халіфы Хафтара.
Першыя прэзідэнцкія выбары ў гісторыі Лівіі планавалі яшчэ на 2018 год, але неаднаразова пераносілі. Апошняй датай называлі чэрвень 2022 года, але цяпер выбары перанеслі на канец 2022 года.
Алесь Наваборскі belsat.eu