Аляксандр Лукашэнка прысвоіў спецыяльнае званне генерал-маёра юстыцыі палкоўніку Сяргею Удавікову – кіраўніку УСК у Гомельскай вобласці.
Удавікоў узначаліў УСК на Гомельшчыне ў кастрычніку 2020 года. Менавіта падчас ягонага кіраўніцтва праходзіла праверка паводле факту смерці Аляксандра Віхора. У распачынанні крымінальнай справы было адмоўлена.
Сяргей Удавікоў асабіста абвесціў, што смерць пратэстоўца не мела крымінальнага складніка. Ён заявіў, што сілавікі выкарыстоўвалі да яго фізічную сілу «абгрунтавана», а прычынаю смерці стала хвароба сэрцава-судзіннай сістэмы, якая раптоўна абвастрылася. Пераломы рэбраў і грудзіны, як сцвярджаў Удавікоў, з’явіліся ў Віхора нібыта ў выніку рэанімацыйных дзеянняў.
25-гадовы Аляксандр Віхор 9 жніўня 2020 года быў затрыманы АМАПам у Гомлі, яго пакаралі 10 соднямі адміністратыўнага арышту, нібыта за ўдзел у пратэстах. Пасля суда яго даставілі ў Чыгуначны РАУС, а потым канваявалі ў СІЗА. Нібыта з «прыкметамі псіхічнага разладу» хлопца накіравалі на абследаванне ў псіхіятрычную лякарню. Там ягоны стан пагоршыўся – Віхора адвезлі ў рэанімацыю, дзе ён ноччу памёр.
Маці памерлага Святлана Віхор пазней расказвала радыё «Свабода», што ў праверцы СК было зафіксавана: баец АМАПу пры затрыманні паваліў Віхора на зямлю, націснуў нагою на шыю. У ізалятары часовага ўтрымання Віхору стала блага, уначы яго ванітавала, але яму не надавалі дапамогі, нягледзячы на просьбы яго ды іншых затрыманых. У РАУС ён трызніў, клікаў на дапамогу, але яго за гэта пабілі. Паводле сведак, калі яго вывелі ва ўнутраны дворык РАУС, каб адправіць у СІЗА, ён стаў задыхацца, вырываўся – яго завялі ў пустую машыну і збівалі. Дарог ў СІЗА, казалі сведкі, у яго пырснулі з пярцовага балончыка.
ІІ belsat.eu