Пад гарантыі офіса Ціханоўскай: у рэліз выйшла агульная платформа для фінансавання пераменаў


Скрыншот старонкі мабільнага дадатку

У мабільным дадатку Digital Solidarity сабраныя спраўджаныя звесткі людзей, фондаў і ініцыятываў, што ўзмацняюць ціск на рэжым у Беларусі. Офіс Святланы Ціханоўскай, платформа «Голас», Народнае антыкрызіснае ўпраўленне і «BySol» выступаюць гарантамі таго, што сабраныя ахвяраванні будуць выкарыстаныя паводле прызначэння і паскораць дэмакратычныя перамены.

Каманда, якая працуе над развіццём прыкладання Digital Solidarity пры дапамозе платформы «Голас» i фонду «BySol», узялася рабіць новую экасістэму. Мы распыталі аднаго са стваральнікаў ініцыятывы Яраслава Ліхачэўскага, як стварыць беларускую эканоміку па-за межамі Беларусі.

Digital Solidarity – гэта пляцоўка, які дапамагае знайсці фундатарам ініцыятыву, фонд ці асобу, якому яны хочуць аказаць падтрыманне. За гэты час на пляцоўцы з’явіліся зборы як для кампаніяў і ініцыятываў, так і асабістыя зборы для тых, хто пацярпеў ад рэжыму.

Праграму выпусцілі паўгода таму, але цяпер вырашылі яе грунтоўна перарабіць.

Інстытут даверу

«Мы вылучылі чатыры арганізацыі, да якіх ёсць пэўны давер у грамадстве. Гэта Офіс Святланы Ціханоўскай, НАУ (Народнае антыкрызіснае ўпраўленне) – як палітычныя структуры. Гэта «Голас» – як тэхналагічны эксперт. І «BySol» – як эксперт у фандрайзінгу. Гэтыя пяць інстытуцыяў будуць верыфікаваць зборы, якія захочуць размяшчацца на пляцоўцы DS», – патлумачыў Ліхачэўскі.

Яраслаў Ліхачэўскі, дырэктар IT-кампаніі Deepdee і сузаснавальнік Digital saliarity Фота з уласнага архіву

Каб збор патрапіў на агрэгатар, ён мусіць атрымаць хаця б два пацверджанні ад гэтых установаў.

«У жніўні быў толькі «BySol», які дапамагаў звольненым і стачкамам, i «Byhelp», які дапамагаў затрыманым і параненым. Цяпер пратэст разгарнуўся, з’явілася больш ініцыятываў, профільных фондаў для пэўных групаў, і людзям стала складана разабрацца, дзе, як і каго падтрымліваць. Таксама не зразумела, каму можна давяраць. Таму мы ствараем інстытут даверу праз гэтыя пяць установаў. Кожны збор на пляцоўцы будзе мець пазнакі, што яго верыфікаваў Офіс Ціханоўскай ці НАУ, ці нехта яшчэ», – распавёў эксперт.

Таксама распрацоўваецца сістэма стандартызацыі, справаздачаў, парады для фармавання збораў, каб яны былі больш эфектыўныя.

«Мы будзем выкарыстоўваць найлепшыя практыкі ад розных фондаў, каб дапамагаць усім расці», – перакананы Ліхачэўскі.

Ён упэўнены, што агульная экспертыза дапаможа росту не толькі асобнай ініцыятывы, але і рэвалюцыйнаму руху ўвогуле: «Якія б ні былі розныя погляды на некаторыя рэчы ў НАУ і ў Офісе Ціханоўскай – усе пагаджаюцца, што патрэбная свая эканоміка пратэсту, і ініцыююць запуск платформы як адзінага і надзейнага пункту ўваходу для фундатараў».

Ад эканомікі пратэсту…

Вокладка праграмы Вот так. 18 чэрвеня 2021 года. Калаж з фота: Анастасія Цыбульская / Белсат

Ліхачэўскі кажа, што асноўная мэта – зрабіць колькасць ахвяраванняў сталай плынню, каб можна было планаваць і разлічваць на гэтыя фінансы.

«Калі здараецца нейкая вялікая падзея, кшталту жнівеньскіх пратэстаў, ультыматуму Ціханоўскай ці тая гісторыя з выплатамі ветэранам – тады мы збіраем шмат данатаў і можам выкарыстоўваць іх на дапамогу людзям. Нашая задача цяпер – пабудаваць сталую сістэму падтрымання актывістаў, ініцыятываў, рэпрэсаваных. Фактычна, нам трэба зрабіць сваю эканоміку, якая будзе працаваць штодзённа», – дзеліцца планамі Ліхачэўскі.

Праз праграму і пуш-паведамленні карыстальнік зможа даведвацца пра новыя ці актуальныя для яго зборы.

«Людзі стамляюцца, і нават падчас вайны жывуць сваім жыццём. І такім чынам мы вяртаем чалавека да парадку дня пратэсту. А данат – гэта самы просты чын паўдзельнічаць у пратэсце. Да таго ж гэта дае чалавеку адчуванне датычнасці да працэсу», – падкрэсліў эксперт.

Ён кажа, што сярэдні фундуш у фонды салідарнасці складае каля 7 долараў, звычайна людзі ахвяруюць грошы недзе двойчы на месяц: «Нават калі будзе ўсяго толькі мільён карыстальнікаў з усяго свету, і яны будуць пастаянна камунікаваць з DS, то бюджэт нашай маленькай новай краіны складзе 14 мільёнаў долараў на месяц. На гэтыя грошы можна багата чаго зрабіць і шмат каго падтрымаць».

Ён параўноўвае ахвяраванні фундатараў з падаткамі грамадзянаў, якія сплачваюць пэўныя сумы, каб дзяржава выконвала свае абавязкі:

«Калі мы будуем сваю дзяржаву, то ў яе ёсць свае мэты. Найпершыя – спыніць гвалт, вызваліць палітвязняў і правесці новыя выбары. Таму добраахвотны фундуш – як падатак на дасягненне гэтых трох задачаў. Яны часовыя, таму і дасягнуць іх можна з дапамогаю данатаў».

Да канца года каманда прагназуе далучэнне ад 100 да 160 тысяч карыстальнікаў і каля 1,5 мільёнаў долараў унёскаў.

«Людзі апасаюцца выходзіць на пратэсты, бо іх могуць пасадзіць у турму, яны праз гэта могуць страціць працу. Але пэўная «страхоўка», якая пакрые іхныя страты, можа дадаць ім упэўненасці. Да таго ж раней ці пазней адкрыецца новае акно магчымасцяў для пратэсту. І нашая задача – пабудаваць сістэму падтрымання да таго, як гэтае акно з’явіцца», – падкрэсліў Ліхачэўскі

….да эканомікі Беларусі

Дзесяць найлепшых здымкаў Надзеі Бужан – фіналісткі «World Press Photo». Пара закаханых на фоне вялізнага бел-чырвона-белага сцяга на праспекце ля плошчы Незалежнасці. Менск, Беларусь. 16 жніўня 2020 года.
Фота: Надзея Бужан / Наша нiва

Аднак эканоміку краіны на адных унёсках не збудуеш. Таму адмыслоўцы ўзяліся за стварэнне модуляў, накіраваных на доўгатэрміновую перспектыву. Яны пакрысе будуць далучаць беларусаў у краіне да агульнасусветнага рынку працы.

Ствараць беларускую эканоміку за межамі Беларусі Яраславу Ліхачэўскаму падаецца цалкам магчымым: «Мне падабаецца канцэпцыя, што ў ХХ стагоддзі межы Беларусі былі там, дзе стаяць памежныя слупы. Цяпер Беларусь там, дзе самі беларусы. І калі яны ўдзельнічаюць у эканоміцы, напаўняюць яе фінансавымі і людскімі рэсурсамі, то эканоміка працуе».

Ён адзначыў, што ў беларускіх пратэстах удзельнічалі не толькі людзі ўнутры краіны, але былі вельмі актыўныя і дыяспары, якія дапамагалі ствараць палітычны ціск звонку, арганізоўвалі дапамогу ўцекачам і фінансава падтрымлівалі пацярпелых ад рэпрэсіяў:

«Беларусь цяпер – гэта ўвесь свет».

Ліхачэўскі перакананы, што экспертны досвед людзей, якія страцілі працу праз удзел у пратэсце, можа быць запатрабаваны за мяжою, найперш сярод дыяспараў, а потым і сярод іншых замежнікаў. Дзеля гэтага распрацоўваецца некалькі эканамічных модуляў для звольненых прафесіяналаў. Першы модуль – «еЗдароўе» – ужо выйшаў у паблік.

Артыкулы
еЗдароўе – праца для звольненых дактароў і бясплатныя кансультацыі беларусам
2021.06.27 10:29

«Амаль тысяча медыкаў страцілі працу за іх палітычныя погляды. Яны не могуць зарабіць у Беларусі, бо ў дзяржаўныя ўстановы іх не бяруць, а на прыватныя ўстановы ціснуць улады, каб такіх медыкаў не наймалі. Людзі сутыкаюцца з цяжкім выбарам: альбо з’язджаць з краіны, альбо кідаць медыцыну і перавучвацца на новую спецыяльнасць. А гэта вельмі непажадана, бо медык – гэта адзін з самых дарагіх спецыялістаў у плане падрыхтоўкі. Таму мы намагаемся іх захаваць як спецыялістаў і даць магчымасць застацца ў Беларусі», – распавёў адмысловец.

Платформа «еЗдароўе» мае працаваць як онлайнавая кансультацыя. Ідэя ў тым, каб экспартаваць паслугі медычных экспертаў на еўрапейскі і амерыканскі рынкі. Гэта дазволіць дактарам зарабляць столькі ж ці больш за ранейшую працу ў дзяржаўнай установе.

«У Еўропе вельмі востры недахоп медыкаў. Асабліва складана стала падчас ковіду, бо шмат хто загінуў праз хваробу. Там у іх недахоп спецыялістаў, і ёсць грошы, а ў нас – спецыялісты, якім патрэбны заробак. Не толькі тыя, хто страціў працу, змогуць мець сталы прыбытак, але і тыя, хто працягвае працаваць у дзяржаўных установах, змогуць перайсці ў прыватны сектар», – патлумачыў Ліхачэўскі.

Ён адзначыў, што ў праекту ёсць і пэўная сацыяльная адказнасць: «Мы дамовіліся, што кансультацыі для людзей у Беларусі будуць бясплатныя да канца нашых пратэстаў. Але ж пацыенты могуць аддзячыць медыка любой камфортнай для сябе сумаю. Але ў асноўным пакрывацца кошт працы для беларускіх пацыентаў будзе праз тое, што паслугі дактароў у Еўропе значна даражэйшыя, таму медыкі не будуць губляць у грошах праз сваю дапамогу беларусам унутры краіны».

Наступным модулем мае стаць адукацыя. Пазней такія структуры будуць выкарыстоўвацца і для іншых супольнасцяў спецыялістаў.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў