Літва паведаміла пра рэкордную колькасць нелегальных мігрантаў, злоўленых на мяжы з Беларуссю


Памежная служба Літвы паведамляе, што за чацвер і ранак пятніцы затрымалі 150 нелегальных мігрантаў – гэта амаль удвая больш, чым за ўвесь 2020 год.

Сярод затрыманых – грамадзяне Іраку, Ірану, Камеруну, Сірыі і Афганістану.

Сёлета Літва фіксуе выбуховы рост незаконнай міграцыі з Беларусі. Агулам з пачатку года ў Літву нелегальна спрабавалі трапіць 822 чалавекі. Для параўнання: у 2017 годзе літоўцы злавілі на мяжы 72 нелегальных мігранты, у 2018-м – 104, у 2019-м – 46, у 2020-м – 81.

Улады Літвы абвінавачваюць афіцыйны Менск у тым, што ён спрыяе нелегальнай міграцыі ў Еўразвяз. Кіраўніцтва Літвы называе дзеянні рэжыму Лукашэнкі «гібрыднай вайною». Міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс раней заявіў у інтэрвʼю Financial Times, што да арганізацыі каналу незаконнай міграцыі мае дачыненне дзяржаўная турфірма «Цэнтркурорт» (яна ўваходзіць у структуру Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі). Паводле міністра, улады Беларусі мэтанакіравана перакідаюць мігрантаў да мяжы. За магчымасць апынуцца ў краіне ЕЗ выхадцы з Блізкага Усходу плацяць да $ 15 тысяч.

На найвышэйшым узроўні рэжым Лукашэнкі дэ-факта прызнае, што разглядае міграцыйнае пытанне ў якасці механізму шантажу Еўразвязу і помсты за санкцыі. 26 траўня, праз тры дні пасля скандалу з прымусовай пасадкаю самалёта «Ryanair», Лукашэнка заявіў, што заходнія краіны цяпер будуць вымушаныя самастойна змагацца з наркатрафікам і незаконнай міграцыяй.

Hавiны
«Вы што там, ачумелі?» Што трэба ведаць пра выбуховы рост незаконнай міграцыі з Беларусі
2021.06.30 19:40

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў