Святлана Ціханоўская заклікала Захад адмовіцца ад ідэі транзітнай угоды з рэжымам Лукашэнкі


Святлана Ціханоўская накіравала ліст генеральнаму сакратару ААН, прэзідэнту ЗША і старшыню Рады ЕЗ, у якім выказала жорсткую пазіцыю адносна ідэі зняць калійныя санкцыі наўзамен згоды Аляксандра Лукашэнкі дазволіць транспартаваць украінскае збожжа праз Беларусь.

Паводле Ціханоўскай, адмена санкцыяў супраць Лукашэнкі і Пуціна «прынясе ім фінансавую перадышку і фальшывае адчуванне перамогі». Такая ўгода ўмацуе перакананасць рэжымаў у тым, што гвалт акупляецца, і ўмацуе ягоныя пазіцыі, што прывядзе да новых рэпрэсіяў у Беларусі і большай агрэсіі ва Украіне.

Ціханоўская адзначае, што Расею трэба прымусіць зняць блакаду з украінскіх партоў, каб быў бяспечны і бесперабойны доступ украінскага збожжа на сусветныя рынкі. Паводле яе, пазіцыя ААН мусіць быць дакладна сфармуляваная: ціск трэба здзяйсняць на Расею, а не на Украіну ці беларускі народ коштам іх бяспекі і будучыні як незалежных і суверэнных краінаў.

Ціханоўская лічыць, што Лукашэнка абраў стратэгію стварэння крызісаў бяспекі і яго неабходна спыніць, перш чым ён нанясе яшчэ большую шкоду беларускаму народу і міжнароднай бяспецы. Яна ўпэўненая: замест таго, каб здымаць санкцыі з Лукашэнкі, іх неабходна ўзмацніць, пашырыць і палепшыць выкананне.

Нагадаем, 20 траўня «The Wall Street Journal» паведаміла, што ў Радзе бяспекі ААН пастанавілі разгледзець магчымасць чыгуначнага транзіту ўкраінскага збожжа праз Беларусь. Паводле выдання, улады ЗША прапаноўваюць прыпыніць на паўгода санкцыі супраць беларускага калійнага сектару, калі Менск пагодзіцца на такі транзіт. Ідэя палягае ў транспартаванні збожжа з Украіны чыгункай праз Беларусь да порту ў Клайпедзе (Літва). Пры гэтым з артыкулу не зразумела, ці будзе дазвол на транзіт збожжа адзінай умовай зняцця калійных санкцыяў – або ёсць і дадатковыя патрабаванні.

Аналітыка
Як рэжым Лукашэнкі спрабуе памірыцца з Захадам
2022.05.24 20:14

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў