Каму будзе належаць прыватная медыцына ў Беларусі?


З пачаткам лета афіцыйнай інфармацыі ў справе медычнага цэнтру «Ладэ» так і не з’явілася. Міністэрства здароўя прыпыніла ліцэнзію найбуйнейшай прыватнай медустановы, да 1 чэрвеня ў цэнтры працавала міністэрская камісія. ​Пры гэтым сілавікі працягваюць затрымваць дактароў. «Белсат» спрабаваў высветліць, што адбываецца на рынку прыватных медпаслугаў.

Медычны цэнтр «Ладэ».
Фота: «Ладэ» / Instagram

1 чэрвеня сілавікі затрымалі адразу трох дактароў РНПЦ траўматалогіі і артапедыі і аднаго лекара прыватнага цэнтру. Такім чынам выявілася, што «справа медыкаў» зусім не закончылася. Агулам за кратамі на працягу некалькіх месяцаў апынуліся каля 40 артапедаў-пратэзістаў. Вядома, што каля 25 медыкаў вызвалілі, але яны ў статусе падазраваных і абавязаныя з’явіцца на суд. Крыніцы «Белсату» таксама паведамляюць, што затрыманых 1 чэрвеня лекараў таксама выпусцілі пад падпіску.

На гэтым фоне нельга казаць аб стабільнай працы прыватных медычных цэнтраў. Міністэрства аховы здароўя прыпыніла ліцэнзію клінікі А1 і «Ладэ» з 16 траўня. Афіцыйна паведамляецца, што там знайшліся парушэнні, якія могуць «выклікаць нанясенне шкоды дзяржаўным або грамадскім інтарэсам, жыццю, здароўю, правам і законным інтарэсам грамадзянаў або стварыць пагрозу нанясення такой шкоды».

Прадстаўнікі «Ладэ» патлумачылі, што медцэнтр працуе над выпраўленнем выяўленых чыноўнікамі Мінздароўя парушэнняў. Да 1 чэрвеня ва ўстанове працавала адмысловая міністэрская камісія. Але чым завершылася правяранне, не паведамляецца. Афіцыйнай інфармацыі не агучвае і Мінздароўя.

Лекары, якія працуюць у цэнтры, кажуць, што не маюць аніякай інфармацыі аб будучыні цэнтру. Некаторыя ўжо пачалі шукаць іншую працу.

«Я не асабліва валодаю інфармацыяй. Напісаў заяву за свой кошт на перыяд прастою цэнтру. Дырэктар «Ладэ» запрапанаваў лекарам уладкавацца на працу па сумяшчальніцтве ў нейкія іншыя месцы, каб хворыя не заставаліся без медычнай дапамогі. Так і робім. Нехта знайшоў працу, нехта яшчэ шукае. Больш ніякай афіцыйнай інфармацыі няма», – распавёў «Белсату» медык з цэнтру.

«Справа лекараў», наступ на прыватнікаў – звёны аднаго ланцуга

Насамрэч сітуацыя на гэтым рынку даволі складаная і напружаная, сцвярджае Вольга Ратмірава, кіраўніца аддзелу расследаванняў Беларускага расследавальніцкага цэнтру.

«Спачатку пачаліся арышты лекараў з дзяржаўных больніц, потым адбыўся наступ на прыватныя буйныя медычныя цэнтры. Усё гэта ўзаемазвязана», – кажа журналістка.

«Справа дактароў» распачалася сёлета ў сакавіку з затрымання пратэзістаў. Адначасова сілавікі пачалі адпрацоўваюць і дастаўцаў імпартных пратэзаў. Некаторых узялі пад варту.

Вольга Ратмірава адзначае, што ўлады ў Беларусі забаранілі лекарам у дзяржаўных установах рабіць аперацыі з імпартнымі пратэзамі. У выніку чарга на пратэзы беларускай вытворчасці вырасла неймаверна, некаторыя мусяць чакаць год, два ці тры. Дадалася праблема з кадрамі, паколькі дзясяткі лекараў, якія апынуліся за кратамі, не маюць магчымасці рабіць аперацыі.

У прыватным жа сектары рабіць пратэзаванне імпартнымі пратэзамі дазволілі адзінкам. Напрыклад, прыватны цэнтр «Нардзін», дзе сярод іншых паслугаў былі і паслугі артапедаў, таксама стаў аб’ектам нападу дзяржавы. Пры гэтым журналісты-расследавальнікі мяркуюць, што гайкі будуць закручваць яшчэ больш. Справамі супраць лекараў кіруе генеральны пракурор Андрэй Швед, якому Лукашэнка даручыў быць адказным за гэтую справу, таксама справай займаецца міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.

«З рынку пачалі выціскаць таксама старажылаў прыватнай медыцыны. А нашая каманда атрымала звесткі пра тое, што нядаўна былі зарэгістраваныя прыватныя медычныя ўстановы, якія ствараюць людзі не простыя, можна так сказаць. Вядома, што гэта асобы, блізкі да ўладаў», – кажа Вольга Ратмірава.

Сямʼя Лукашэнкі стане ўласнікам прыватнай медыцыны?

Прычына, з якой улады распачалі «справу медыкаў» і наступ на прыватныя медычныя цэнтры, даволі простая. Рэч у грошах. Журналісты-расследавальнікі тлумачаць сітуацыю тым, што бізнесоўцы і дзяржава, якія вельмі добра зараблялі да санкцыяў, цяпер зразумелі, што медычная сфера не абкладзеная абмежаваннямі і не ўваходзіць у чорны спіс краінаў Захаду. Лекі, медпаслугі – гэта тое, на чым можна зарабляць, і гэта тое, што пад санкцыі не трапіць. Вольга Ратмірава звяртае ўвагу, што чыноўнікі, якія страцілі крыніцы свайго прыбытку ў той ці іншай ступені, зразумелі, што медыцына – неблагая магчымасць паправіць сваё фінансавае становішча.

Журналісты выявілі, што акрамя дзяржаўных чыноўнікаў у перадзеле рынку медычных паслугаў фігуруюць буйныя бізнесоўцы, гаманцы Лукашэнкі, якія трапілі пад санкцыі краінаў Захаду.

«Нядаўна ў Беларусі зʼявілася прыватная клініка «Мерсі». Установа належыць чатыром асобам. Сярод двух уласнікаў – былы працаўнік кампаніі Алексіна «ЭнергаОіл» Тураў, а таксама партнёр «МТБанку» Нейронская. Суўладальнікі – Артур Зубарык і Наталля Караткевіч, прычым гэта сужэнцы. Яны маюць дзелавыя стасункі з Алексіным і яшчэ адным прыбліжаным да ўладаў алігархам – Зайцавым. Алексін і Зайцаў трапілі пад санкцыі з фармулёўкай «за падтрыманне рэжыму Лукашэнкі» і лічацца набліжанымі да Лукашэнкі. І гэтыя прадпрымальнікі вельмі блізкія да Віктара Лукашэнкі», – кажа Вольга Ратмірава.

Даведка
Дакумент аб рэгістрацыі клінікі «Мерсі».
Фота: Белсат

Расследавальнікі кажуць, што маюць непасрэдныя доказы датычнасці Віктара Лукашэнкі да захопу пад свой кантроль рынку медычных паслугаў. У эфіры «Белсату» будуць агучаныя ўсе падрабязнасці. Выданне праграмы адбудзецца 28 чэрвеня.

Будучыня «старажылаў» прыватнай медыцыны ў Беларусі

Які лёс чакае беларускія медычныя цэнтры, прагназаваць складана. Імаверна, кажуць расследавальнікі, гэтыя медычныя цэнтры будуць прадаваць. Інфармацыя пра продаж «Ладэ» зʼявілася не проста так.

«І тут варта казаць пра сапраўдны рэкет, паколькі гэтыя кампанія маюць калектыў, персанал, абсталяванне. Іх могуць абкласці фінансавымі ўцяжарваннямі, як, напрыклад, некаторых буйных бізнесоўцаў, якія траплялі за краты і потым мусілі выплочваць вялізныя сумы грошай, такі своеасаблівы выкуп дзяржаве. Можа быць і так, што медычныя цэнтры могуць «набыць», можа змяніцца ўласнік», – кажа Вольга Ратмірава.

Медычны цэнтр «Ладэ» стаў першай прыватнай медустановай у Беларусі. Ён працуе з 1992 года.

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў