Самалёт «Belavia» Хургада – Менск нечакана сеў у Краснадары. Праз меркаваны выцек паліва

Уначы 2 чэрвеня чартарны рэйс «Белавіі» B2 8284 Хургада – Менск з невядомых прычынаў прызямліўся ў аэрапорце Краснадару.

Самалёт вылецеў з аэрапорту Егіпту 1 чэрвеня а 20:18 і мусіў быў прызямліцца каля другой гадзіны ночы ў Нацыянальным аэрапорце «Менск».

Аднак самалёт перанакіравалі ў аэрапорт Краснадару, дзе той прызямліўся каля гадзіны ночы.

Самалёт «Belavia» Хургада – Менск сеў у Краснадары. Фота: nashaniva / Telegram

У беларускім аэрапорце паведамілі, што самалёт «Белавіі» сеў у Краснадары праз тэхнічныя прычыны.

Са словаў прадстаўнікоў авіякампаніі, пасажыры прыбудуць у Менск а 12:30.

Крыніца ў службах аэрапорту «Пашкоўскі», дзе прызямліўся самалёт, паведаміла журналістам «Интерфакса» што рэч у меркаваным выцеку паліва:

«Пасля ўваходу ў паветраную прастору Расеі экіпаж беларускага «Boeing 737» паведаміў кубанскаму дыспетчару пра меркаваны выцек паліва. Дыспетчар, згодна з інструкцыяй, прапанаваў экіпажу перапыніць палёт і трымаць курс на запасны аэрадром у Краснадары».

Пасадка, паводле крыніцы, прайшла выдатна.

«Аднак далейшая эксплуатацыя лайнера пакуль будзе прыпыненая. Чакаецца прыбыццё рэзервовага борта», – сказаў суразмоўца агенцтва.

АД, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны